Гародня: запалохванні журналістаў і грамадскіх актывістаў
У Гародні перад акцыяй, якая адбудзецца а 18-й гадзіне ў гарадскім парку Жылібера, пачаліся запалохванні журналістаў і грамадскіх актывістаў.
Цягам дня за здымачнай групай „Белсата” сачылі невядомыя:
– Увесь дзень за групай тэлеканала „Белсат” сачылі невядомыя, адзін з журналістаў тэлеканала заблакаваны ў сваім пад’ездзе, яму не даюць выйсці з хаты. Грамадскі актывіст БСДП Анатоль Мышкевіч таксама заблакаваны дома невядомымі. Гарадзенскіх студэнтаў, што планавалі выйсці на акцыю, сёння прымусілі выходзіць на заняткі.
Пра сітуацыю ў Купалаўскім універсітэце распавядае адзін са студэнтаў, якога прымусілі выйсці на заняткі ў другую змену:
– Мне патэлефанавалі з універсітэта, тэлефанавалі вельмі доўга, пакуль быў у душы, пакуль быў на кухні. Падняў дамашні тэлефон, сказалі, што заўтра я не павінен прысутнічаць на мітынгу, а павінен знаходзіцца на занятках з 16:25 да 21:10. У адваротным выпадку буду адлічаны за пропускі заняткаў.
Для псіхалагічнага ціску грамадзян у парку Жылібера на бярозах замантавалі дадатковыя камеры для запісу таго, што адбываецца ў парку.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня