Гародня застаецца без польскага тэлебачання



Споўнілася два гады, як з пакетаў гарадзенскіх тэлевізійных аператараў кабельных сетак знік апошні польскі тэлеканал, якім быў “Polsat”. Жыхары горада польскай нацыянальнасці пазбавіліся магчымасці глядзець тэлебачанне на роднай мове. Шматлікія звароты да манапаліста тэлевізійных сетак – фірмы “Гарант” – не прынеслі плёну, як  не прынеслі плёну і звароты да прадстаўнікоў польскага боку – зазначае гарадзенец Веслаў Кеўляк:

– У нас каналы пераважна на расейскай, часам на беларускай і нават ангельскай мовах. Польскага тэлебачання няма. Нам вельмі крыўдна, што тут, на мяжы з Польшчай, гэтага тэлебачання надалей няма.

У Гародні праблемы з прыёмам польскага тэлебачання праз кабельныя сеткі пачаліся пасля падзей 2005 года, калі першы канал польскага тэлебачання актыўна асвятляў сітуацыю вакол Саюзу палякаў на Беларусі.

Паводле загаду ўладаў,  канал TVP1 быў выкрэслены з вяшчання праз кабельныя сеткі, і замест яго з’явілася тэлебачанне “Polsat”. Пасля пераходу польскага тэлебачання на лічбавы фармат вяшчання два гады таму, з блакітных экранаў гарадзенцаў знік і гэты тэлеканал.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота telesputnik.ru