Гародня: журналісты зыходзяць на дыстанцыйную працу
У Гародні надзвычайнага стану не абвешчана і няма каранціну, аднак журналісты незалежнага беларускамоўнага выдання Hrodna.life зыйшлі на дыстанцыйную працу з-за каронавіруса.
У рэдакцыі застаўся працаваць адзін Руслан Кулевіч.
– Я працую зараз адзін у офісе, усе ізаляваліся, працуюць з дома. Я павінен быць у цэнтры горада, каб шукаць навіны, бо кожны дзень штосьці адбываецца. Я з офіса выязджаю на падзеі, прыязджаю і раблю навіны.
На думку журналіста, ён прымае ўсе магчымыя меры, каб не разносіць вірус.
– На офіс прыходжу праз краму “Адметнасць”. Там заўсёды ёсць антысептык, яны мне пшыкаюць. Важу з сабой антысептык і вільготныя сурвэткі. Зараз ужо ў кожнай установе ёсць адмысловыя месцы, дзе можна апрацаваць рукі. Працуем, пакуль ёсць магчымасць. Гэта нашая задача – працаваць і шукаць навіны, распавядаць як усё адбываецца на самой справе.
Журналісты іншых незалежных СМІ таксама паступова пераходзяць на дыстанцыйную працу. Некаторыя так ўжо працуюць цягам тыдня, самавольна пераходзячы на бескантактную працу з суразмоўцамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча