Гародня. Зробім сцяг гораду разам
Алесь Вераб’ёў, гарадзенскі каваль і грамадскі актывіст, прапануе ўсім жыхарам Гародні, у незалежнасці ад нацыянальнасці і мовы, пашыць вялікі бел-чырвона-белы сцяг з гербам гораду.
Пра ідэі акцыі распавядае Алесь Вераб’ёў:
– Ідэя палягае на кансалідацыі грамадства. Па-першае, праз культурную акцыю. Мы прыйдзем да таго, што Беларусь наша маці. Ідэя палягае на пашыве сцяга грамадствам, людзьмі розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў, дзяцей. Кожны чалавек можа набыць кавалачак тканіны і, калі ёсць жаданне, падпісаць яго: напісаць добрае пажаданне, прызнацца ў любові свайму гораду.
На думку Алеся Вераб’ёва, такая акцыя ўжо зацікавіла шмат каго з гарадзенцаў.
– Цікавасць вельмі вялікая, скажу так: я пайшоў і набыў кавалачак сцягу, распавёў, і ішоў мужчына, я яго спыніў, павітаўся і кажу, што вось такая акцыя. І ён з задавальненнем падпісаў. Студэнт, які набываў кубак, я зайшоў у краму, і ён таксама вельмі паважна паставіўся і распісаўся.
Падпісаць кавалак сцяга можна праз самога актывіста Аляксандра Вераб’ёва, а таксама ў краме “Адметнасць”. Гарадзенец збіраецца прадставіць вялікі сцяг на свята Дня Волі 25 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя