Гародню з візітам наведаў новы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін



Падчас візіту ў Гародню, новы Патрыяршы Экзарх Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату адказваў на пытанні людзей па-беларуску.

Гэта першы такі выпадак у гісторыі адроджанай Беларусі. Дагэтуль – Экзархі не размаўлялі па-беларуску. Пасля ранішняй літургіі ў Свята-Пакроўскім праваслаўным Саборы Гародні, уладыка Веніямін, Экзарх Беларускай Праваслаўнай Царквы выслухаў прадстаўнікоў абласных арганізацыяў  Таварыства беларускай мовы і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Адказ яго быў па-беларуску:

– Хачу, калі ўладыка мяне падтрымае, каб Гарадзенская епархія была лепшай епархіяй  Рускай Праваслаўнай Царквы. Памалілся трохі, пагаварылі, цяпер мы абмяркуем з уладыкам нейкія яшчэ пытанні духавенства і ўсё. Толькі разам у міры.

Уладыка выказаў надзею на падтрымку архіепіскапа Арцемія, што Гарадзенская  епархія стане ўзорнай для ўсёй Царквы.

Усе ўдзельнікі размовы былі прыемна ўражаныя крокам наперад да беларускага народа з боку новага Праваслаўнага Экзарха.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня