Гарвыканкам супраць новых месцаў для пікетаў
30-ці баранавіцкім актывістам Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў у пашырэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Актывісты ўнеслі прапановы наконт павелічэння іх колькасці і размяшчэння ў людных месцах.
Цяпер дэмакратычным актывістам можна праводзіць акцыі толькі ў адным бязлюдным месцы – у цэнтры старога закінутага парка, кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:
– Мы ўнеслі свае прапановы. Пасля гэтага мы сустрэліся з намеснікам старшыні гарвыканкама і паведамілі яму сутнасць нашай справы. Ён нас выслухаў разам з ідэолагам гарвыканкама і юрыстам і паабяцаў разабрацца.
Паводле Гоўшы, актывістам здавалася, што яны знайшлі паразуменне з новым маладым намеснікам старшыні гарвыканкама Аляксеем Гарбузавым. Тым не менш, адказ атрымалі адмоўны. Па гэтым пытанні вырашана правесці круглы стол, а затым звярнуцца са скаргаю ў Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт.
Беларускае Радыё Рацыя