Гары Паганяйла: Гібель Паўла Шарамета для мяне – асабістае гора



Юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла ведаў Паўла Шарамета  з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя. Быў яго абаронцам па рэзанансавай справе пра нібыта пераход Паўла Шарамета і Змітра Завадскага беларуска-літоўскай мяжы. Тады яны былі засуджаныя, але да ўмоўных тэрмінаў.

Гары Паганяйла агаломшаны забойствам Шарамета і перажывае яго як асабістую страту. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу

RR: Чым больш жывеш, тым больш прызвычайваешся да жыцця. Але вось да смерці родных, блізкіх, сяброў прызвычаіцца немагчыма. Гэта заўсёды як выбух. Чым для вас стала смерць Паўла Шарамета, якога Вы добра ведалі?

Гары Паганяйла: Канешне, мяне гэта звестка агаломшыла. І я пад уражаннем гэтай трагедыі знаходжуся і зараз. Таму што Павел быў у росквіце сіл, у росквіце сваёй прафесійнай дзейнасці. Ён вельмі цікавы чалавек і мы блізка з ім сышліся. таму для мяне гэта асабістае гора.

RR: Вы зышліся, мабыць, калі Паўла Шарамета і Змітра Завадскага звінавацілі ў пераходзе беларуска-літоўскай мяжы ў 1997 годзе. Вы ж былі адвакатам Шарамета.

Гары Паганяйла: Гэта так, але Паўла Шарамета, і як чалавека, і як журналіста я ведаў яшчэ да гэтага. Ён актыўна супрацоўнічаў у „Белорусской деловой газете”, у газетах „Имя”, „Для служебного пользования”. Мне былі вельмі цікавыя яго матэрыялы. Ён, як журналіст, неаднаразова браў інтэрвію па гучных судовых працэсах, якія я ў свой час вёў. У прыватнасці, па справе старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Тамары Віннікавай. І калі з ім здарылася гэта няшчасце – яго затрымалі і змясцілі ў следчы ізалятар, ён у той жа практычна дзень, праз родных, журналістаў, сяброў звярнуўся да мяне. І я вёў гэтую справу да яе канчатковага разгляду ў судзе касацыйнай інстанцыі, у Гарадзенскім абласным судзе Гродна, у 1998 годзе. Працяглы час, 76 дзён, наколькі я памятаю, Павел разам са Змітром Завадскім знаходзіліся ў следчым ізалятары Гарадзенскага Упраўлення Ўнутраных справаў, дзе „арэндаваў”, так бы мовіць, камеры мясцовы КДБ…

RR: Вы, можна лічыць, падчас гэтай справы страцілі прафесію, улады Вас тады пазбавілі ліцэнзіі адваката.

Гары Паганяйла: Практычна так. За мае публічныя выказванні аб незаконнасці крымінальнага пераследу, аб незаконнасці арышту і ўтрымання пад вартай. Гэта я казаў публічна, казаў сродкам масавай інфармацыі. Уся журналісцкая супольнасць ўстала на бок Паўла і Змітра Завадскага. Гэтая справа мела вялікі грамадскі рэзананс, і не толькі ў нас у краіне, але і за межамі, ў прыватнасці, у Расейскай Федэрацыі

RR: Вось тады Вы з ім больш цесна пазнаёміліся. Якім ён быў чалавекам? Якім ён Вам памятаецца?

Гары Паганяйла: Павел сам па сабе вельмі цікавы чалавек. Ён меў вельмі шырокую і глыбокую гуманітарную адукацыю, гістарычную і эканамічную. Безумоўна, ён адбыўся, як журналіст. Яго пяро было таленавітым. Ён цікава пісаў. І сам арышт паказаў, што ён мужны чалавек. Я ўжо не кажу, што ён меў выразную грамадзянскую пазіцыю, быў „супраціўленцам”, так бы мовіць, таму рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі, амаль што асабістым ворагам Лукашэнкі. І калі нагадаць той рэпартаж, які стаў падставай для  пачынання крымінальнай справы за быццам парушэнне мяжы,  то галоўным раздражняльнікам быў не сам факт перахода ці непераходу дзяржаўнай мяжы, а той матэрыял, у якім афіцыйныя ўлады Беларусі выкрываліся ў арганізацыі кантрабанды з тэрыторыі Літвы праз мяжу Беларусі на Расію. Вось гэтыя матэрыялы, канешне, выклікалі гнеў самага высокага нашага чыноўніка. І ён аддаў, верагодна, асабістае распараджэнне, каб уся група Грамадскага расейскага тэлебачання была затрымана.

RR: А потым, праз 2 гады, адбылося знікненне Змітра Завадскага. І Вы ў гэтай справе таксама ўдзельнічалі, як прадстаўнік сям’і Завадскіх. Не ўзнікала тады ў вас такой версіі, што 7 ліпеня 2000 года замах рыхтаваўся таксама і на Паўла Шарамета? Таму што Завадскі, як вядома, паехаў яго сустракаць у аэрапорт Мінск-2. І па дарозе быў выкрадзены. Але машыну, на якой ён ехаў, нехта падагнаў да аэрапорта, пакінуў ключ запальвання, працёр салон, знішчыўшы ўсе адбіткі пальцаў (трэба адзначыць, што аэрапорт тады ўжо меў сістэму відэаназірання, але ніякай інфармацыі, ці былі зафіксаваны людзі, прыгнаўшыя машыну ў аэрапорт, следства не прадставіла.) Магчыма, разлік быў на тое, што Шарамет, не дачакаўшыся Завадскага, сядзе ў аўтамабіль і паедзе?

Гары Паганяйла: Я думаю, што калі б Шарамет апынуўся ў гэтай машыне, то яго лёс быў бы аднолькавым з лёсам Завадскага. Такая была сітуацыя, так скажам, ваколпалітычная ў краіне. Іх супольная прафесійная дзейнасць, і шэраг іншых аб’ектыўных дадзеных гаварылі аб тым, што  безумоўна, гэтае злачынства закранула б і Паўла Шарамета. Афіцыйна, па справе, следства спрабавала даказаць, і суд гэтую версію ўспрыняў і адлюстраваў у прысудзе, што скраданне Змітра Завадскага было звязана з яго прафесійнай дзейнасцю, у прыватнасці, з яго выказваннямі пра ўдзел беларускіх спецназаўцаў у чачэнскай вайне. У яго інтэрвію і тэлевізійных  матэрыялах гэта было адлюстравана. І тыя, каго закранулі гэтыя матэрыялы, быццам і расправіліся са Змітром Завадскім. А вінаватымі дзяржава аб’явіла Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка. Гэта асобы, якія належалі да спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам „Алмаз”  Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Ігнатовіч, па хваробе, быў звольнены з гэтага падраздзялення. Другі быў дзеючым афіцэрам. Іх датычнасць да скрадання па справе праходзіла як даказаная і прысуд – пажыццёвае зняволенне, адбыўся. Але мы гаварылі і, лічу, маем права на такую версію, што да выкрадання Змітра Завадскага датычныя афіцыйныя ўлады. Гэта версія не абвергнута следствам і да сённяшняга часу.

RR: Вы ніколі Шарамета не папярэджвалі, што яму можа пагражаць небяспека, каб ён быў асцярожнейшым?

Гары Паганяйла: Шарамет і так ведаў, што, знаходзячыся ў Беларусі, ён заўсёды знаходзіцца пад пільнай увагай уладаў, і што гэтыя ўлады ў кожны момант могуць сказаць „фас!”. Шарамет ведаў пра гэта. Цяжка сказаць, наколькі ён баяўся ці не баяўся? Але ён мужны чалавек і разумеў, што яго можа чакаць. Але тым не менш, калі па справе неабходна было быць тут, значыць, ён быў.

RR: Тым не менш, лёс такі, што загінуць яму давялося ў Кіеве. Вы, мабыць, аналізуеце, каму трэба было забіць Паўла Шарамета, хто за гэтым мог стаяць?

Гары Паганяйла:  Я не валодаю дастатковымі дадзенымі, каб мець нейкія версіі на сённяшні момант. Таму што пра яго працу апошнія гады, калі Павел пераехаў у Кіеў і там супрацоўнічаў з шэрагам СМІ, у тым ліку і з інтэрнэт-выданнем „Украінская праўда”, якое ўзначальвала Алена Прытула, яго бліжэйшая сяброўка, я не ведаю. Таму будаваць нешта на пяску я проста прафесійна не маю права.

RR: Называецца „расейскі след”…

Гары Паганяйла: Тут што заўгодна можа быць. І „расейскі след”, і помста тых, хто патрапіў пад жорнавы яго крытыкі ў прэсе. Можа, тут „адгукнулася” і нешта іншае – хацелі Алёну Прытулу ўзарваць, а ў машыне апынуўся ў гэты час Шарамет.

RR: Так званы „беларускі след” Вы не выключаеце?

Гары Паганяйла: Я выключаю. У дзяржавы было шмат магчымасцяў, каб раправіцца з Шараметам, аднак такіх спробаў, наколькі мне вядома, зроблена ніколі не было. Што тычыцца якіх-небудзь узброеных падраздзяленняў, пра якія кажуць у сродках масавай інфармацыі, – нічога тут выключаць пакуль нельга.

RR: Павел Шарамет не забыў і пра справу знікнення Змітра Завадскага. У мінулым годзе ён узяў інтэрвію ў былога блізкага паплечніка Валерыя Ігнатовіча, былога спецназаўца і сябра РНЕ Сяргея Кароткіх, які зараз ваюе на баку украінскіх сілаў, у батальёне „Азоў”. Без сумневу, Кароткіх шмат ведае пра таямнічыя знікненні ў Беларусі ў 1999-2000 гадах, пра РНЕ і тых, хто за гэтай арганізацыяй стаяў? Можа быць, магчымасць з’яўлення новай інфармацыі некага напалохала? Можа быць, Павел нешта даведаўся ці мог даведацца?

Гары Паганяйла: Я не думаю. Калі б Павел валодаў бы нейкімі дадзенымі, якія маглі паўплываць на ход расследавання, ён абавязкова бы прадставіў іх родным Змітра Завадскага, праваабаронцам, якіх ён ведае, і ў прыватнасці, мне, таму што і я вяду гэтую справу. Аднак ніякіх рухаў у гэтай частцы не было. Таму я думаю, што цікавых дадзеных, якія наўпрост сведчаць пра датычнасць нейкіх асобаў да гэтай гісторыі з выкраданнем Змітра Завадскага і пра далейшы яго лёс, наўрад ці Павел Шарамет здабыў.

Па словах Гары Паганяйлы, у яго ёсць спадзяванне, што забойства Паўла Шарамета, фактычна тэрарыстычны акт, будзе раскрытае. Следства ў самым пачатку. Зараз працуюць следчыя, эксперты. Кантроль на самым высокім дзяржаўным роўні.  І немалаважна, што да ўдзелу ў расследаванні запрошаны  міжнародныя спецыялісты з Еўраполу і ФБР, – падкрэсліў Гары Паганяйла.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя