Гары Паганяйла: Лукашэнка чарговы раз выдаў папулісцкі закон



Больш 3-х чалавек прэтэндуе на адно працоўнае месца, што прапаноўваецца Гарадзенскім гарадскім цэнтрам занятасці насельніцтва для беспрацоўных. Напружанасць на рынку працы абласнога цэнтра істотна падвысілася пасля ўвядзення ў дзеянне Дэкрэта прэзідэнта №3 „Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”.

Prezentaciya-knigi-Sprava-Belyackaga-13

Недахоп працоўных месцаў – толькі адзін з адмоўных чыннікаў, якія справакаваў новы дэкрэт, празваны ў народзе „Аб дармаедах”, зазначае старшыня юрыдычнай камісіі праваабарончага грамадскага аб’яднання „Беларускі Хельсінскі Камітэт” Гары Паганяйла:

– Лукашэнка ў чарговы раз выдаў папулісцкі, але амаральны закон, і канешне ж ён не абапіраецца на нормы Канстытуцыі. Перадусім у Канстытуцыі запісана права на вольную працу, а тут прапісваецца прымусовая, несвабодная праца пад страхам прымянення адпаведных рэпрэсій у выглядзе падатковага збору, а за яго нявыплату нават да адміністрацыйнага арышту.

З пачатку красавіка колькасць людзей, якія звярнуліся ў Гарадзенскі гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва павялічылася амаль на 20% у параўнанні са снежнем мінулага года. Працу пачалі шукаць у першую чаргу тыя  катэгорыі грамадзян, якія больш 10 гадоў нідзе афіцыйна не працавалі.

Дэкрэт №3 выклікае ў беларускім грамадстве ўсё большае незадавальненне. Шматлікія юрыдычныя хібы і памылкі яго аўтараў даюць падставы называць дакумент папулісцкім і накіраваным перадусім супраць грамадзян краіны, чаму па словах старшыні юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, спрыяюць пэўныя пункты дэкрэта:

– Катэгорыя, якая карыстаецца ільготамі – гэта асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Незразумела, бо добрапрыстойныя грамадзяне абавязаны выплачваць збор, а для асуджаных у гэтым дэкрэце прапісана падатковая ільгота.

„Беларускі Хельсінскі Камітэт” некалькі дзён таму звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі з просьбай адмяніць дэкрэт „Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”. Праваабаронцы прыводзяць 7 аргументаў, згодна з якімі дэкрэт парушае Канстытуцыю краіны і міжнародныя дамовы падпісаныя Беларуссю.

Сярод парушэнняў – не толькі новая форма прымусовай працы, але і замах на права і абавязак грамадзян выхоўваць дзяцей і клапаціцца пра састарэлых бацьках, сур’ёзныя абмежаванні на абарону персанальных дадзеных і прыватнага жыцця, а таксама перавышэнне паўнамоцтваў з боку кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота bnp.by