Гары Паганяйла: Не веру, што будзе аб’ектыўнае расследаванне
Юрыст БХК Гары Паганяйла распавёў, чаму вырашылі завесці крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі.
Справу не заводзілі каля трох месяцаў, але зараз маці Рамана Бандарэнкі паведамілі з Генпракуратуры, што крымінальная справа ўзбуджана па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць. За гэтае злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.
Гары Паганяйла: Як мы бачым, забітага Рамана Бандарэнку спрабавалі нават абвінаваціць, знайсці абставіны, за якія можна было б зачапіцца і пагнаць “хвалю” супраць Рамана. Але, відаць, нічога не знайшлі, а таму зараз вырашылі завесці крымінальную справу. І, хачу сказаць, што пры жаданні вельмі проста было ўстанавіць, хто забіў хлопца. Там жа і вдэазапісы ёсць, і хранаметраж таго, што там адбывалася.
Але, мяркую, узбуджаная справа – гэта блеф. Забойства хочуць спісаць на смерць па неасцярожнасці і невядома, хто будзе абраны падазроным. Будуць гэта супрацоўнікі міліцыі альбо нейкія грамадзянскія асобы, якія працавалі з сілавікамі ў адной кампаніі?
Думаю, можна было б чакаць больш-менш справядлівага расследавання справы, калі б яна была ўзбуджана па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой смерць чалавека. Гэта найбольш рэальная кваліфікацыя таго, што адбылося.
РР: Адным словам, вы не чакаеце аб’ектыўнага расследавання справы?
Гары Паганяйла: Мяркую, што следства для выгляду пакорпаецца крыху ў гэтай справе і наогул не ўстановіць вінаватых у забойстве чалавека. Ужо бачна, што міліцыю хочуць вывесці з ліку тых, хто можа патрапіць пад падазрэнне. Інтэрпрэтацыя падзей з боку следства можа быць самай рознай. Можа быць нават анекдатычнай, каб абяліць тых, хто павінен несці пакаранне за забойства.
У сёняшняй Беларусі законы не працуюць, а таму я і не веру, што па факце смерці Рамана Бандарэнкі будзе праведзена аб’ектыўнае расследаванне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя