Гары Паганяйла: Яны не маюць права ствараць такія нечалавечыя ўмовы



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў пра тое, ці выпадкова ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў зрабілі для вязняў невыносныя ўмовы.

Нагадаем, што ў сталічным ЦІПе адбываюць пакаранне некаторыя палітыкі і актывісты і так “супала”, што якраз зараз туды забаранілі перадачы.

“У мужа забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна, – паведаміла Вольга, жонка Паўла Севярынца. – Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы не можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць”.

Гары Паганяйла: Усё, што сёння адбываецца, можна падвесці пад тую палітычную сітуацыю, якую мы бачым у краіне падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі. Масавыя арышты, “суткі”, крымінальныя справы, якія шытыя белымі ніткамі.

Таму і ціск на палітыкаў і актывістаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў – гэта не выпадковасць. Мы бачым, што ніякай лібералізацыі ў краіне па сутнасці не адбылося, рэпрэсіі як былі так і засталіся. Проста ў пэўны час яны сцішваліся, а ў неабходны ізноў узмацняюцца.

Што датычыцца невыносных умоваў, якія зараз у ЦІПе на Акрэсціна, то тут трэба глядзець, ці створаны такія ж умовы ва ўсіх установах краіны, дзе знаходзяцца “палітычныя”. Бо гэта можа быць ініцыятыва асобных кіраўнікоў устаноў, якія хочуць выслужыцца.

РР: Але ж гэта ненармальна, калі нават сродкі гігіены не дазволены…

Гары Паганяйла: Безумоўна, што яшчэ раз пацвярджае – гэта не меры па перадухіленні распаўсюду інфекцыі, а адмысловы ціск на палітычных вязняў. Разам з імі, не выключаю, пад прэс трапляюць і астатнія кліенты ЦІПа.

Яны не маюць права ствараць такія нечалавечыя ўмовы. Увогуле, нельга забараняць рэчы, якія адносяцца да сродкаў асабістай гігіены. Нават калі нельга рабіць перадачы, то адміністрацыя ўстановы павінна забяспечыць вязняў гэтымі сродкамі.

Калі ж вы такія прыхільнікі барацьбы з каронавірусам, то адміністрацыйны арышт можна ў перыяд пандэміі і не ўжываць. Але пра каронавірус яны ўспамінаюць толькі тады, калі ім гэта выгодна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя