Гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка забралі на 15 сутак



Анатоля Каханчыка затрымалі ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну – у той самай хаце, якую ён год таму расфарбаваў у колерах нацыянальнага сцяга. За гэта ён летась быў пакараны арыштам на 7 сутак як за правядзенне несанкцыянаванага пікета. Цяпер яго асудзілі паводле артыкула 19.11 КоАП за рэпосты матэрыялаў з “забароненых” СМІ. Суд адбыўся яшчэ 25-га кастрычніка, але падсудны на ім не прысутнічаў. Сутнасць справы яму вядомая, паспеў распавесці Анатоль Каханчык:

Мяне ўжо засудзілі. Паводле 19.11, бо перапосціў нешта ў траўні ці ў чэрвені нешта з Белсату і з Tut.by. Раней жа яны не былі забароненыя! А тут адразу пратакол склалі. Ну, я так лічу, што гэта каб спыніць распаўсюд інфармацыі. На мой погляд, так. Што хочуць, то і робяць!

Анатоля Каханчыка забралі адбываць арышт, а незадоўга перад тым невядомыя сапсавалі расфарбоўку ягонай хаты: карычневай фарбай зафарбавалі дзве белыя паласы і запэцкалі акно, за якім знутры была вывешана выява герба Пагоня. На думку гаспадара, усё гэта было зроблена паводле ініцыятывы старшыні мясцовага сельсавету, які неаднаразова выклікаў міліцыю, каб пакараць Анатоля Каханчыка.

Беларускае Радыё Рацыя