Гаспадару бел-чырвона-белай хаты Анатолю Каханчыку пагражаюць крымінальнай справай



Год таму жыхар Полацка Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценак дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню.

Праз пэўны час яго асудзілі за гэта як за правядзенне несанкцыянаванага пікету, а цяпер пагражаюць крымінальнай справай як за нібыта злоснае хуліганства. Спадар Анатоль даведаўся пра гэта ў зняволенні – калі адбываў 15 сутак арышту за рэпост артыкулаў з так званых “экстрэмісцкіх” інтэрнэт-рэсурсаў:

-Мяне выклікалі, калі я сядзеў, да следчага. Следчы паказаў мне стос папер, сказаў, што рыхтуецца супраць мяне крымінальная справа за злоснае хулігантсва, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што ледзь толькі вы распачнеце крымінальную справу або адміністратыўную, я ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну пішу заяву на сухую галадоўку.

Бел-чырвона-белая хата даўно муляе вока мясцовым уладам. Старшыня Маласітнянскага сельсавету неаднаразова звяртаўся ў міліцыю з гэтае нагоды. І аднойчы ноччу на падворку хаты Анатоля Каханчыка з’явіліся невядомыя людзі, якія зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу паміж дзьвюх белых. А герб Пагоня, які быў вывешаны ў акне, запэцкалі карычневай фарбай проста па шкле звонку. Вярнуўшыся пасля арышту, Анатоль Каханчык аднавіў першапачатковую расфарбоўку. І суседзі зноўку бачылі, як старшыня сельсавету Леанід Буханцоў чарговы раз фатаграфаваў яе з розных бакоў.

Беларускае Радыё Рацыя