Гастролі расейскага дэльфінарыя абураюць гомельцаў
Гастролі расейскага перасоўнага дэльфінарыя абурылі гомельскіх абаронцаў жывёлаў. Надзіманую арэну ўсталявалі проста на асфальце. Цырк размясціўся пасярод аўтамабільнай паркоўкі ля гіпермаркета ў раёне Сельмаш. Побач з цыркам – ажыўленая дарога ў чатыры паласы, па якой часта ездзяць грузавікі.
Прадстаўнікі філіяла Ніжагародскага дэльфінарыя „Атлантыда” пераконваюць грамадскасць, што ўсе стандарты аховы здароўя жывёлаў выкананыя. Адміністратар перасоўнага цырка Віктар Новікаў адкідае ўсе абвінавачанні абаронцаў жывёлаў у жорсткім абыходжанні з дэльфінамі.
Віктар Новікаў:
– Умовы ў нас вельмі добрыя. Звяры – гэта нашыя дзеці, калі так можна сказаць. У кожнага ёсць свае вальеры. У кожнага ёсць свой вулічны басейн, дзе яны адпачываюць. Кормім мы нашых артыстаў чатыры разы на дзень, прычым харчуюцца яны вельмі добра. У іх рацыёне: селядзец, кальмары, гарбуша, мойва… Тэмпература вады ў басейне не перавышае 6 градусаў. Так што, хвалявацца за звярэй не трэба.
Ля касы дэльфінарыя выстраілася чарга. Усе ахвотна набываюць квіткі на прадстаўленні для сваіх дзяцей і ўнукаў.
„Вырашыла набыць білеты ў дэльфінарый, каб паглядзець на гэтых дзіўных жывёлаў”, – кажа адна кабета пенсійнага ўзросту.
Іншая жанчына ўзгадвае, што некалі была ў крымскім дэльфінарыі ў горадзе Кактэбель, дзе была ўражаная сяброўствам паміж дрэсіроўшчыкамі і жывёламі.
Але не ўсе гараджане падзяляюць аптымізм патэнцыйных наведнікаў шоу з удзелам марскіх коцікаў і дэльфінаў.
Прадстаўнікі валанцёрскай супольнасці „Падары ім шанец” распачалі інфармацыйную кампанію супраць эксплуатацыі марскіх жывёлаў ў цыркавых нумарах. Валанцёраў непакояць умовы ўтрымання дэльфінаў і марскіх коцікаў.
Валанцёр Святлана Лапо ў прынцыпе выступае супраць перасоўных дэльфінарыяў і заапаркаў.
Святлана Лапо:
– У многіх краінах свету перасоўныя дэльфінарыі забароненыя, таму што ўмовы ўтрымання ў гэтых дэльфінарыях пакідаюць жадаць лепшага. На волі дэльфіны могуць за суткі праплыць сотні кіламетраў. А тут яны жывуць у фурах, дзе ім цяжка нават развярнуцца. У гэтых фурах яны знаходзяцца па некалькі дзён у шляху, на спякоце, у адной той жа вадзе. У ваду дадаюць хімікаты, каб вада не псавалася. Жывёлаў часта кормяць пратэрмінаванымі прадуктамі…
Непакой абаронцаў жывёлаў падзяляюць некаторыя жыхары шматпавярховікаў, непадалёку ад якіх узвялі часовы цырк.
„Па начох нейкая жывёлка так жаласліва скуголіць, што немагчыма спаць. А дэльфінчыкі тыя, нібыта дзеткі малыя, – такія кранальныя гукі выдаюць”, – распавядае пра сваё вымушанае суседства з дэльфінарыем жанчына пенсійнага ўзросту. Акрамя шуму, паводле кабеты, людзі пастаянна дыхаюць непрыемным паветрам, якое сыходзіць ад цырка.
Святлана Лапо кажа, што дазвол на размяшчэнне дэльфінарыя далі гарадскі аддзел ідэалогіі і санітарныя службы. „Цікава, куды падзяюцца адкіды жыццядзейнасці ад гэтых вялікіх жывёлаў. Няўжо нейкія цыстэрны адвозяць? Ды і вады для ўтрымання басейнаў трэба вельмі шмат. Адкуль яна бярэцца?” – задаецца пытаннямі абаронца жывёлаў.
Перасоўны дэльфінарый у Гомелі будзе працаваць больш за месяц з 8 чэрвеня па 27 ліпеня.
[Not a valid template]
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель