„Гавары праўду” маніторыць эпідэміялагічную сітуацыю на Берасцейшчыне



Маніторынг за эпідэміялагічнай сітуацыяй у рэгіёне працягваюць сябры берасцейскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання „Гавары праўду”. Пра гэта паведміў кіраўнік структуры Аляксандр Пась.

Найперш актывістаў цікавіць, ці дастаткова ў горадзе сродкаў дэзынфекцыі і масак, — распавёў сам палітык:

– Мы перыядычна маніторым сітуацыю, стараемся неяк дапамагаць людзям, падказваць, што рабіць. Цяпер, на колькі мне вядома, у нас лякарні перапоўненыя. Людзей, у якіх высокая тэмпература і каго забіраюць з падазрэннем на каронавірус, альбо ўжо з пацведжаным каронавірусам, вязуць у бліжэйшыя гарады – Кобрын, Жабінку, Маларыту. Вось у тых накірунках развозяцца людзі па лякарнях. То бок у Берасці лякарні перапоўненыя.

Як адзначыў Аляксандр Пась, тэма з каронавірусам можа стаць адной з самых прыярытэтных у часе прэзідэнцкай кампаніі. Але афіцыйнага старту ўдзелу рэгіянальнай структуры ў выбарах яшчэ не было.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце