“Гавары праўду” рэгіструе структуру ў Гародні



Актывісты кампаніі “Гавары праўду” правялі арганізацыйны сход па стварэнні гарадзенскай абласной арганізацыі. Мерапрыемства адбылося ў гарадзенскай кавярні “Палітра” і сабрала больш за дзясятак грамадскіх актывістаў, што ўжо ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці рэгіёна.

Пра падзею распавядае кіраўнік «Гавары праўду» па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук:

– Чарговая наша частка развіцця – структурная пабудова «Гавары праўду». У нас ёсць рэгістрацыя як рэспубліканскай арганізацыі. Зараз па статуце мы будзем рэгістраваць абласныя арганізацыі. Праводзім вось такі сход, які будзе падставай для таго, каб зарэгістраваць менавіта абласную гарадзенскую арганізацыю «Гавары праўду». У нас няма ніводнага беспрацоўнага: гэта людзі, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах ці займаюцца сваім бізнесам.

Сустрэча адбылася ў межах падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, у якіх “Гавары праўду” прыме актыўны ўдзел. Пра ўдзел у будучай кампаніі распавядае адна з кіраўнікоў кампаніі Таццяна Караткевіч:

З Гародні пакуль што няшмат. Мы спадзяёмся, што наш візіт, усе мерапрыемствы і кантакты прывядуць да таго, што ў нас будзе больш людзей з Гародні. У нас ад вобласці разам з горадам каля 10 чалавек. А цалкам па краіне зараз 123 кандыдаты, і гэта яшчэ не ўсе падлічаныя.

Цягам месяца прадстаўнікі гарадзенскай юстыцыі павінны адказаць пра рэгістрацыю арганізацыі, і пасля гэтага пачнецца актыўная праца “Гавары праўду” на Гарадзеншчыне па ўдзеле ў мясцовых выбарах.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня