Газета „Новы Час” не будзе прадавацца ў шапіках „Белсаюздрука”



Газета „Новы Час” з лютага не будзе прадавацца ў шапіках „Белсаюздрука”. Атрымаць яе можна будзе толькі праз падпіску. Пра гэта рэдакцыя даведалася выпадкова, калі здавала чарговы нумар. Пры гэтым у газеце адзначаюць, што яшчэ нядаўна з гандлёвым аддзелам “Белсаюздрука” вялася гутарка пра павелічэнне колькасці асобнікаў на распаўсюд. Ад жніўня 2020-га адсотак спісання газеты значна знізіўся, а ў Гарадзенскай вобласці быў амаль нулявы. На сёння „Новы Час” — адзіная агульнабеларуская недзяржаўная беларускамоўная газета.

У Беларусі назіраецца паўсюдны ціск на прэсу, у тым ліку рэгіянальную, адзначае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

– Мы бачым, што ўжо пасля “Народнай Волі” сутыкнуліся з гэтымі праблемамі “Свободные новости плюс”, “Белгазета”. Мы ўжо бачым, што прыпыняюць свой выхад і рэгіянальныя выданні – “Брэсцкая гадета”, “Слонімская газета” ўжо не выходзіць. Па ўсіх кірунках ідзе ціск на незалежныя медыя. Зразумела, чаму гэта адбываецца – каб перашкодзіць распаўсюду незалежнай інфармацыі.

Таксама як паведамляла „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, друкарні ў розных гарадах Беларусі адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання “Брестская газета”. Праблема ўзнікла, калі Берасцейская друкарня адмовілася працягваць дамову з выданнем пасля 18 гадоў супрацоўніцтва. Прычыны гэтага рашэння кіраўніцтва друкарні не тлумачыць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя