“Газета Слонімская” прыпыніла свой выхад на паўгода



“Газета Слонімская” прыпыніла свой выхад на паўгода. Пра гэта паведаміла з-за мяжы выдавец газеты Ганна Валадашчук, піша БАЖ.

“У нас забралі ўсю тэхніку, усе носьбіты інфармацыі, пагражалі крымінальнай справай без усялікіх на тое законных падстаў. У такіх умовах выдаваць газету стала немагчыма, а нам давялося выехаць за межы Беларусі. Спадзяюся, калі сітуацыя зменіцца, мы зможам аднавіць выхад нашых газет”, — сказала Ганна Валадашчук.

Што да сайта gs.by, то рэдакцыя шукае магчымасці аднавіць яго працу. 9 лістапада, без папярэджання, але з санкцыяй пракуратуры, міліцыянеры спачатку прыйшлі з вобшукам у кватэру Ганны Валадашчук, адкуль забралі 2 камп’ютара і ўсе носьбіты інфармацыі, а потым такім жа чынам вынеслі ўсю тэхніку з рэдакцыі, паралізаваўшы працу па выпуску чарговага нумару газеты.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: gs.by