Генадзь Фядыніч: Дармаеды, не плаціце падаткі і спіце спакойна!



Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч выступіў з заявай наконт сумнавядомага прэзідэнцкага Дэкрэта №3, празванага ў народзе “законам пра дармаедства”.

timthumb

І пра магчымасць яго рэалізацыі гэтай восенню. Маўляў, калі яго нельга адмяніць намаганнямі незалежных прафсаюзаў ды апазіцыі – значыць, трэба зрабіць яго “непрацуючым” .

РР: Можна сказаць, што мы перажываем экватар – яшчэ палова тэрміна і пачнецца прымяненне закона пра дармаедаў?

Генадзь Фядыніч: Лічу, што дэкрэт несвоечасовы і зусім непатрэбны. Колькі сёння дзяржава можа ўладкаваць на біржы? Толькі амаль 28 тысяч. Зарэгістраваныя  ж 46!

РР: Тым больш, масавае скарачэнне тых, хто раней рэгістраваўся і ўжо ні ў  што не вераць?

Генадзь Фядыніч: Безумоўна! Відавочна, што дзяржава імпатэнт – не бачыць, як іншым чынам забраць грошы ў людзей! Кажуць, у атачэнні Мясніковіча “навучаныя мысліць дзёрзка” чыноўнікі падлічылі, што будзе мінімум больш за 300 тысяч “дармаедаў”, памножылі іх на штрафныя мільёны і – атрымалі мільярды, якія нідзе не трэба шукаць! Але ж ці падумалі-падлічылі, колькі “жывых” грошай прывозяць у краіну гастарбайтэры, што працуюць ў Расеі – тыя ж НДС тут асядаюць! І калі з-за іх дурноты перастануць туды ездзіць, пакупніцкая здольнасць насельнікаў ТУТ апынецца на нулі. Хутка пагалоўна будуць ездзіць “зайцамі” ў аўтобусах, бо дзяржава для гэтага ўсё робіць! Другі крок – стануць спытваць, за што жыў, што будаваў?

РР: Вы б раілі не плаціць?

Генадзь ФядынічНе плаціць! Нельга здзекавацца над людзьмі. Грамадзянін мусіць вырашаць сам – працаваць яму ці не, па тых ці іншых прычынах. А дзяржава АБАВЯЗАНАЯ стварыць яму ўмовы для працы і каб за яе атрымліваў добрыя грошы. Інакш, за што ты бярэш мільёны – за тое, што 183 дні пражыў, дыхаў гэтым паветрам, глядзеў на абрыдлыя тыпавыя будынкі на вуліцах?! Няма ў свеце такой бязглуздзіцы, як з дэкрэтам № 3! Гэта як браць падаткі з пінгвінаў у Антарктыдзе за тое, што яны там сноўдаюцца… Між іншым, знаёмых украінцаў ужо папярэджвалі, што калі не ўладкуюцца – дэпортэйшэн! Каб усе пабеглі на працу за паўтара-два мільёны. А пенсіянерам – на галоту дадалі па 130 тысяч, якіх не хопіць і на праязны па Менску! Упэўнены – дэкрэт не спрацуе!

РР: Тым больш, час “Ч” мусіць наступіць пасля выбараў, калі, паводле прагнозаў адмыслоўцаў, стане эканамічна значна горш. Думаеце, Лукашэнку падставілі альбо гэта яго свядомая ініцыятыва?

Генадзь ФядынічТое, што “зляцеў” Мясніковіч, мяркую, адзін з адказаў. Чыноўнікі беспадстаўна сказалі, што яшчэ не ўсе грошы пакінулі ў крамах, не ўсе заплацілі штрафы і падаткі ў мясцовыя бюджэты. А тут вунь, маўляў, якая дырышча! Дый сам “бацька” відавочна старэе, калі славутая палітычная інтуіцыя не падказала яму, што прымаць такі закон перад выбарамі  – сабе даражэй! Таму яшчэ пабачым, як людзі прыйдуць на тыя “выбары”!

РР: “Дармаеды” пасля гэтага інтэрв’ю могуць спаць спакайней?  

Генадзь ФядынічДармаеды, спіце спакойна, ніякіх падаткаў не плаціце!

Генадзь Федыніч кажа, што ў часе рэалізацыі закона пра “дармаедства” можа пайсці “ланцуговая рэакцыя” , калі ў беспрацоўных людзей і без таго не хопіць грошай на ўтрыманне сям’і. Тады ў іх скончыцца цярпенне, як гэта адбылося ўжо ў часе нядаўняга страйкавання ў Маладзечна. Толькі цяпер усё можа прыняць масавы характар – мяркуе суразмоўца.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота udf.by