Генадзь Фядыніч: РЭП быў і будзе абаронцам працоўных!



Вы будзеце смяяцца, але наш сённяшні суразмоўца ва ўладзе знаходзіцца на 5 год больш, чым айчынны рэкардсмен Лукашэнка. Праўда, у адрозненне ад апошняга ніколі яе фанатычна не прагнуў. Але цягне, як карму, непахісна, з усіх жыл. Не дзеля сябе – дзеля сваіх выбарцаў-аднадумцаў з адзінага і самага буйнога незалежнага прафсаюза РЭП – радыёэлектроннай прамысловасці ды іншых галін гаспадаркі. Хоць першапачаткова выпускнік Беларускага палітэхнічнага інстытута, які шчасліва размеркаваўся інжынерам у сталічнае канструктарскае бюро дакладнага машынабудавання, у дурных снах не марыў, што стане спачатку намеснікам парткама КПСС аб’яднання “Планар”. Потым узначаліць перадвыбарчы штаб незалежнага народнага дэпутата СССР Аляксандра Дабравольскага. І пасля – упершыню ў гісторыі айчынных прафсаюзаў – на конкурснай аснове выйграе выбары на старшыню прафкама. Думаю, што многія ўжо здагадаліся, што сёння наш госць – Генадзь Фядыніч.

Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП, сябар рады Кангрэса дэмакратычных сіл – дарэчы, нягледзячы на тое, што сам РЭП выйшаў з КДС. Дарэчы, параўнальна нядаўна ён стаў лаўрэатам прэміі грамадскага руху імя Юрыя Захаранкі “Абаронцы Айчыны” пад назвай “Рыцар года: З адкрытым забралам” – за праяву смеласці, волі і самаахвярнасці ў барацьбе за адраджэнне свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Кажа напачатку, што пасля бесчалавечных затрымак 25 сакавіка жывём “у іншым вымярэнні, іншай Беларусі”. Тым не менш, з’яўляецца адным з арганізатараў ды ініцыятараў будучай акцыі на 1 траўня, што ізноў можа быць несацыянаванай…

Генадзь Фядыніч: Істотна для будучых акцый супраціву тое, што людзі перасталі баяцца, калі не было чаканага ўладамі ўцёкаў ад бразгання шчытоў і ляскання дубінак. Калі людзі самі ішлі ў аўтазакі з крыкамі “Ганьба” і “Жыве Беларусь”. А Шуневіч ды іншыя хай не думаюць, што да амапаўскіх бясчынстваў ёсць тэрмін даўніны. Як і да фабрыкацыі спраў “Белага легіёна”. І што – пасля вашых ілжэфільмаў праблемы вырашыліся? Дабавіліся ў людзей пенсіі ці цэны ў крамах сталі ніжэйшыя? Стала менш камуналка, а заробкі вышэй?! Мы сябры міжнароднай арганізацыі прафсаюзаў “Індустроіл”, якая аб’ядноўвае 52 млн чалавек па ўсім свеце. Наш старшыня Вальтэр Санчэс звярнуўся са словамі асуджэння таго, што адбываецца, непасрэдна да Лукашэнкі адразу пасля ўладнага бязмежжа.

РР: Тэма “дармаедства” за апошнімі падзеямі, нібы, адышла. Але дамоклаў меч дэкрэта №3 у залежнасці ад палітычнай сітуацыі можа напоўніцу абрынуцца з 1 кастрычніка на сотні тысяч людзей. А калі прыгадаць, што ўлады хацелі перанесці нормы трох “дармаедскіх” дэкрэтаў ў працоўны кодэкс…

Генадзь Фядыніч: Афіцыйна “дармаедаў” дзесяткі тысяч, па “прыкіду” ўсе 500. Але маніторынгу ніхто не рабіў. Тым больш, з кожным днём лічбы мяняюцца – і са скарачэннямі працоўных месцаў на прадпрыемствах, і з наплывам былых гастарбайтэраў з Расеі, дзе працы таксама стала бракаваць.

РР: Усё-ткі што прымусіла ўлады пайсці на такі нават знешне непрывабны для іх іміджу і адкрыта неразумны крок? Дарэчы, аўтар “трэцяга” дагэтуль невядомы?

Генадзь Фядыніч: Усе дарогі вядуць да міністэрства працы. Менавіта яно давала адказ на ўсе нашы адпаведныя запыты ў Саўмін. Што чыноўнікі меркавалі? У казне ды мясцовых бюджэтах няма грошай. А тут возьмем за жабры гэтых дармаедаў – на той момант яны налічылі за такіх 400 тысяч, памножылі на 365 дзён. Арыфметыка простая, грашовыя лічбы добрыя на паперы. Ну і запусцім – маўляў, колькі ўжо тыя беларусы праглынулі! І працоўныя кантракты, і людажэрныя кошты на ЖКХ, і рэпрэсіі ІПэшнікаў, і новы пенсійны ўзрост. З’ядуць і дармаедства. Аж не! На мой капыл, гэта была апошняя кропля даўно існуючага недаверу да ўлады. Таму і пачаліся пратэсты, а Лукашэнка прагадаў са сваёй камандай.

РР: Шмат пісалася, што “трэці” не адпавядае айчыннаму працоўнаму заканадаўству. Наколькі ж не ладзіць з міжнародным?

Генадзь Фядыніч: Яшчэ ў чэрвені мінулага года была прынятая рэзалюцыя Міжнароднай арганізацыі працы “Аб недапушчэнні прымусовай працы”. У тым ліку, гэта датычыць гэтага дэкрэта. У чэрвені 2017 будзе чарговая сесія МАП. Безумоўна, ўсё, што адбываецца, кладзецца на паперу і Жэнева будзе пра гэта ведаць. Безумоўна ж, ён не спрацаваў і ўнутры. І найперш гэта ведаюць самі чыноўнікі, якія дарэмна шмат часу і фінансаў патрацілі на пошук дармаедаў – затраты не спраўдзіліся. Зараз у краіне чарговае глупства. Адкрываюць нейкія цэнтры па ўладкаванні людзей – “тэлефануйце, мы дадзім вам параду”. Якія да чорцікаў “парады”?! Калі ёсць месцы, дзе людзі маглі зарабляць хаця б рублей 500 у Менску, 3-4 млн старымі ў правінцыі – займіце іх працай! Але гэта ўлада ўжо відавочна няздольная выправіць эканамічнае становішча краіны.

РР: Наша размова непазбежна перацякае ў рэчышча таго, ШТО сёння значаць і могуць прафсаюзы ў нашым жыцці, якія іх перспектывы? І не магу не прыгадаць, што ў савецкія часы прафсаюзы называлі “прываднымі рамянямі”. І вонкава – ніякая больш-менш значная папера на прадпрыемстве без прафбоса не падпісвалася…

Генадзь Фядыніч: У афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў вонкава ж нічога не змянілася. Так, ім прыносяць на подпіс паперы, дзе чорным па беламу пішуць, праўда, што трэба перайсці на працоўную “трохдзёнку”, што заробак, як у салігорскіх шахцёраў, скароціцца ўдвая. І яны мусяць падпісваць, бо людзі абіралі іх фармальна – насамрэч прызначала кіраўніцтва. Мы накіравалі заклікі да кожнага з 22 афіцыйных галіновых прафарганізацый – “далучайцеся да барацьбы з дармаедцкімі ўказамі”. Бо апошнімі заўтра могуць стаць і вашы родзічы ці блізкія. Мы не атрымалі ніводнага адказу – яны несамастойныя! Лукашэнка ж сказаў некалі, што хоча, каб прафсаюзы сталі “стаўпамі”, што дапамагаюць яму кіраваць краінай – вось і дапамагаюць! Калектыўныя дамовы заключаюцца без удзелу і ўвагі на меркаванне калектываў. Але калі б шэраговыя сябры пабачылі, якія заробкі маюць іх прафбосы, шмат хто на знак пратэсту выйшаў бы з афіцыйных арганізацый. Затое менавіта з-за залежнасці ад начальнічкаў, што ім плацяць – калі ад чалавека прыйшла нейкая заява на непарадкі, той бос “па параду” бяжыць з ёй да “вышэйшых”. А навошта такі прафсаюз і каму ён патрэбны? Да прыкладу, мяне абіралі два тыдні ў гарачых спрэчках і слоўцах. Ніколі ж рабочы чалавек не будзе карыстацца такімі папяровымі тэрмінамі, як кіраўніцтва і ўлада. А сапраўдныя лідары павінны прайсці пра тое “гарніла класавай барацьбы”, праз самаахвяраванні – каб рэальна адчуваць болі і праблемы тых, каго бароніш.

РР: Але на чым “афіцыйныя” сёння трымаюцца фінансава?

Генадзь Фядыніч: Калі чалавек хоча ўладкавацца на дзяржпрадпрыемства, яму спачатку даюць паперу, каб напісаў заяву і ў іх прафсаюз з наступным пералічэннем туды мінімум 1% заробку. Інакш ніводнаму заяву не падпішуць. А гэта ўсё-ткі сотні і сотні тысяч працоўных – лічыце!

РР: Ясна, што РЭП – галоўная альтэрнатыва ў працоўных. Не сакрэт колькі ў вас зараз сяброў?

Генадзь Фядыніч: Не – іх 2235. Дзякуй богу, у нашым статуце было запісана ў свой час, што сябрам можа быць прадстаўнік любой галіны, а не толькі радыёэлектронікі.

РР: Пра сённяшнія метады барацьбы. Зноў-такі, прыгадваю як Мікалай Разумаў у 90-х з паплечнікамі ў Оршы на знак пратэсту сядалі на рэйкі. Пасля былі і петыцыі, і лісты кіраўніку дзяржавы з тысячамі подпісаў…

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, усё вар’іруецца ад сітуацыі. Але ж – дайце веры – у 90-я не было таго, што калі дырэктар не выканаў загад зверху, дык пойдзе за краты. На самай справе, кіраўнікі прадпрыемстваў, лічу, таемна падтрымлівалі працоўных, бо самым працаваць пад пастаянным ціскам абрыдла. І яшчэ. Тады сярэдні ўзрост рабочых быў 40-45 год, зараз 55-60. І яны часам за мізэрныя заробкі вымушаныя рабіць аб’ёмы працы ўдвая большыя ўдвая меншай колькасцю. Плюс скарачэнні і беспрацоўе, што ідуць. Таму калі ўлада і надалей не будзе чуць людзей, трэба ўжываць і памянёныя крэатыўныя метады барацьбы, але ж гэта павінна зыходзіць з адзінага цэнтра. Інакш расправяцца з кожным паасобку. І ўсё павінна дакладна рыхтавацца…

РР: Прыклад найвялікшага ўціску ўлады на РЭП за часы існавання?

Генадзь Фядыніч: У 98-99 гадах былі загады на ўзроўні Лукашэнкі вывезці ўсе арганізацыі з РЭПу, калі прыходзілі старшыні нашых прафкамаў і разводзілі рукамі – ім падавалі “гатовыя” паперы аб выхадзе. Зробленыя пад пагрозамі, натуральна. Дайшло да таго, што ў нас засталося 630 (! ) чалавек. Але колькі буду жыць, столькі буду дзякаваць гэтым байцам. Бо стала б менш за 500, паводле законаў, мы перасталі б існаваць…

РР: У вас ёсць чалавечы і прафесійны дэвіз?

Генадзь Фядыніч: Ёсць! Ідзі шляхам самым цяжкім і складаным, тады можаш быць упэўнены, што на тых вышынях не будзе канкурэнтаў.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя