Генадзь Фядыніч: Дэкрэт №3 павінен быць адменены



Круглы стол на тэму прэзідэнцкага дэкрэту №3, які празвалі „дэкрэтам аб дармаедах”,  адбыўся ў Менску 12 студзеня. Як дапамагчы людзям абараніцца ад яго, абмеркавалі прадстаўнікі беларускіх незалежных прафсаюзаў і праваабарончых арганізацыяў.

Па словах старшыні Прафаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, зараз пачало прыходзіць шмат зваротаў ад грамадзян, якія атрымалі паведамленні ад падатковых інспекцыяў:

– Не хапае ў людзей дастатковай інфармацыі пра тое, што рабіць. Таму мы вырашылі ісці двума шляхамі. Па-першае, мы зробім праект зварота да падатковых інспекцый. Па-другое, падрыхтуем праект заявы, што шэраг людзей падпадаюць пад дзеянні гэтага дэкрэту, хоць і не павінны.

Гэта тычыцца тых, хто не маг ці не можа працаваць па аб’ектыўных прычынах. Да таго ж, у заяве будзе нагадана аб адказнасці дзяржавы, якая не здолела стварыць неабходную колькасць працоўных месцаў у краіне, а таксама аб супярэчнасці дэкрэту і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таму галоўнае наша патрабаванне, – дэкрэт павінен быць адменены, – кажа Генадзь Фядыніч.

Па яго словах, калі ўлады праігнаруюць патрабаванні людзей, то прыйдзецца  звярнуцца да калектыўных дзеянняў, да падрыхтоўкі мітынгу з патрабаваннем адмены гэтага дэкрэта.