Генадзь Фядыніч: Кожны месяц прымаем па 50-60 чалавек



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч адзначае, што пасля выбараў перад незалежнымі прафсаюзамі з’явіліся новыя выклікі.

Генадзь Фядыніч: Па нашай інфармацыі, пасля выбараў некаторыя працоўныя на розных прадпрыемствах і насамрэч пачалі пакідаць афіцыйныя прафсаюзы, але многія не вызначыліся, ці варта ім уступаць у незалежныя. І тут перад намі новыя задачы і выклікі — прыцягваць гэтых людзей да сябе.

РР: Будзеце змагацца за гэтых рабочых?

Генадзь Фядыніч: Мы робім усё магчымае, таму, калі будуць звяртацца да нас, то абаронім. Праўда, мы аказваем дапамогу толькі сябрам прафсаюза. Але кансультуем усіх, хто прыходзіць, працуюць нашы валанцёры. Тое, што залежыць ад нас, мы робім. Тым больш, што зараз многія наймальнікі спрабуюць пазбавіцца ад “палітычна ненадзейных” работнікаў. Нават адпачынкі людзям скасоўваюць, а гэта зусім незаконна.

Таму даем парады, дапамагаем правільна пісаць заявы. Адным словам, аказваем юрыдычную дапамогу.

РР: Але некаторыя кажуць, што незалежныя прафсаюзы сёння схаваліся ў той час, калі народ ужо больш за два месяцы выходзіць на вуліцу…

Генадзь Фядыніч: Мы ж не выходзім з лозунгамі на вуліцу пасля кожнага выпадку аказання дапамогі таму ці іншаму чалавеку і не крычым пра гэта на ўвесь горад. Кожны месяц мы прымаем па 50-60 чалавек, таму я не ведаю, хто кажа пра тое, што мы “схаваліся”. Больш за тое – спраў апошнім часам значна пабольшылася, і нашы людзі працуюць у разы больш, чым да выбараў.

Таму і вырашылі пад парасонам прафсаюза РЭП ствараць свае пярвічныя арганізацыі на прадпрыемствах, далучыцца да Калектыўнай дамовы, каб потым працаваць з наймальнікамі. Вось такая ў нас стратэгія.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя