Генадзь Фядыніч: Мы прыкладаем усе намаганні, каб наша арганізацыя працавала



Пасля прад’яўлення абвінавачвання галоўнаму бухгалтару Прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Ігару Комліку, кіраўнік гэтага прафсаюза Генадзь Федыніч таксама не выключае свайго затрымання. Зараз ён з’яўляеца падазраваным па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Па словах Фядыніча, чакаць можна ўсяго, але ён маральна падрыхтаваны да затрымання. Нават сабойку з рэчамі першай неабходнасці бярэ з сабой штодня. Але думкі найперш не пра гэта, а пра тое, як падтрымаць працу прафсаюза, якая моцна парушана гвалтоўным умяшаннем, — кажа Генадзь Фядыніч.

Зараз робім усё, каб працавалі ўсе інтэрнэты, працавала бухгалтэрыя, бо ў бухгалтэрыі моцны кавардак, мы не знаходзім дакументаў, не можам нават людзям выдаць заробак, бо не знаходзім ведамасцяў за ліпень. Зараз трэба нешта зноў рабіць, а галоўнага бухгалтара няма. Ёсць маса праблем, якія трэба вырашаць, каб арганізацыя працавала, бо, калі закрываюць мяне і няма галоўнага бухгалтара, арганізацыя паралізуецца і яны, безумоўна, гэта ведаюць, не могуць не ведаць. Таму мы прыкладаем усе намаганні, каб пры любых абставінах арганізацыя працавала.

РР: А тыя, абвінавачванні, што прад’явілі Комліку….

Комлік ні ў чым не вінаваты як і я. Якія абвінавачванні? Якія падаткі? Што, нехта браў грошы сабе ў кішэню і не плаціў падаткі? Безумоўна, усё гэта зроблена такім чынам, каб на досведзе РЭП-а прыструніць усіх астатніх. І час адпаведна падабраны: спёка, усе ў адпачынках, ніхто не заўважыць. Але каму трэба, тыя заўважаць.

РР: Як тое, што адбылося, паўплывала на сябраў арганізацыі? Нехта спалохаўся?

Калі мы ў Горках стварылі новую прафсаюзную групу, калі за апошні тыдзень прыйшла больш за 20 новых заяў на ўступленне ў прафсаюз, то гэта кажа пра тое, што ніхто тут не напалохаўся, што прафсаюз працаваў і ў любым выпадку будзе працаваць на карысць людзей.

РР: Як Ігар Комлік трымаецца, ёсць з ім нейкая сувязь?

Сувязі няма. Да яго хадзіў адвакат, я гаварыў з жонкай. Пачуваецца ён добра. Там ніякіх прыцягненняў да яго з боку прававых служб няма. Гэта ўсё, што я ведаю.

РР: Як зарэагавала міжнародная супольнасць, вашы калегі

У нас ёсць калегі ў IndustriAL, у Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, і яны зрабілі заяву. Гэта толькі папярэджанне. Зараз яны будуць працаваць па ўсіх кірунках. З тымі, хто выдае крэдыты Беларусі. Гэта ж парушэнне восемдзесят сёмай канвенцыі. Структуры ўлады лічаць, што гэта не так, але ўсё адпавядае таму, што яна парушаная. Тут уз’юшылі усё і ўся але ж можна было зрабіць зусім па-іншаму: калі ёсць нейкія пытанні, дык выклікалі б старшыню, выклікалі б галоўнага бухгалтара, паказалі б дакументы, якія ў вас там ёсць, пачулі б адпаведныя адказы. А не хапае вам гэтых адказаў, дык прымайце тады нейкія меры, затрыманне ці іншыя. А рабіць такі гвалт на ўвесь свет… Гэта ж не проста на ўсю Беларусь, а на ўвесь свет зроблена.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі:

Гэтыя абвінавачванні маюць відавочна палітычны кантэкст. Як і ў нашым выпадку, ў 2011 годзе, калі гэты ўдар быў накіраваны супраць праваабарончага цэнтра «Вясна», у прыватнасці супраць мяне і супраць юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча. І зараз мы бачым, як улады, больш дакладна я перакананы, што за гэтай справай стаяць спецслужбы, яны вырашылі стукнуць па кіраўніцтве незалежных прафсаюзаў і такім чынам прадухіліць верагодную актыўную ролю прафсаюзаў, як я мяркую, якраз у восеньскіх магчымых падзеях. Як бы там не было, але асноўныя эканамічныя і сацыяльныя праблемы застаюцца, а прафсаюз РЭП займае вельмі актыўную пазіцыю па актуалізацыі гэтых праблем. Таму, гэта такі пасыл для ўсіх незалежных прафсаюзаў, не толькі для прафсаюза РЭП.

Відавочна, што такія справы, накіраваныя супраць актыўнасці няўрадавых арганізацый, незалежных прафсаюзаў, будуць негатыўна расцэньвацца міжнароднай супольнасцю, бо людзі не дурні. Мы, як ў Беларусі, так і па-за межамі Беларусі разумеем, што гэта проста рэпрэсіі, палітычныя рэпрэсіі, накіраваныя супраць грамадскіх актывістаў. Сама прычына зняволення Ігара Комліка і таго, што Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падазрэннем, яна смешная. Відавочна толькі цяжкія ўмовы працы незалежных прафсаюзаў, незалежных арганізацыі, могуць прывесці да пэўных, з гледзішча ўлады, парушэнняў іхняга заканадаўства, але яны і пальцам не варушаць, каб прывесці гэтае ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасць міжнароднаму заканадаўству і тым пагадненням, якія яны ўзялі на сябе. Я мяркую, што беларускія ўлады могуць атрымаць вельмі моцны ўдар па іміджы ў выніку гэтай крымінальнай справы. Вельмі верагодна, што зноў актуальным стане пытанне пра ўвядзенне санкцыі, у тых ці іншых формах, супраць урада Беларусі.

Толькі калі міжнародны ціск моцна ўзрасце і беларускія ўлады адчуюць рэальную яго моц, то здаровы сэнс возьме верх і гэтая справа не дойдзе да суда, — выказаў спадзяванне Алесь Бяляцкі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя