Генадзь Фядыніч: Мы рыхтуем скаргу на імя генеральнага пракурора



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавядае пра ціск, які аказваецца на іх арганізацыю.

Нагадаем: 2 жніўня мінулага года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у менскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюза Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса: «ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры».

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. 2 лютага следства па гэтай справе было працягнута.

Генадзь Фядыніч: Афіцыйна пра працяг следства не паведамлялася, але ж, натуральна, ніхто справы не закрываў і пакуль рабіць гэтага не збіраецца. Пакуль мы на волі, гэта можа доўжыцца бясконца. Гэтымі днямі, дарэчы, да следчых ізноў выклікаюць на допыты нашых актывістаў.

РР: Паведамлялася, што ў рэгіёнах дапыталі ўжо каля 200 сябраў вашага прафсаюза…

Генадзь Фядыніч: Зараз мы рыхтуем скаргу на імя генеральнага пракурора, бо тыя людзі, якіх дапытваюць, нават сведкамі не павінны выступаць. І, натуральна, гэтыя допыты — напружанне для людзей. Яны абураюцца допытамі, але гэта, напэўна, такая форма ціску. Тым часам, прафсаюз не спыняе свёй працы. Мы, нягледзячы на ўсе перашкоды, па-ранейшаму стараемся працаваць на максімальную загрузку. Дапамагаем працоўным адстойваць свае правы, а гэта, відаць, не ўсім падабаецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя