Генадзь Фядыніч: Мы выпрацуем парады для “дармаедаў”



Саветнік-кансультант прфсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра тое, ці будзе працаваць абноўлены дэкрэт аб “дармаедах”.

У Беларусі будзе база “дармаедаў”, кожны жыхар Беларусі зможа атрымаць доступ да базы людзей, не занятых у эканоміцы, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

База дадзеных “дармаедаў” будзе размешчаная на Адзіным партале электронных паслуг.

Генадзь Фядыніч: Я не ведаю, як будзе працаваць гэтая база, але відавочна, што ўлады ніяк не жадаюць адчапіцца ад групы людзей, якіх называюць “дармаедамі”. А гэта нікому не патрэбна. Гэта не матывацыя да працы, а наадварот. І на апошнім пасяджэнні савета прафсаюза РЭП было прынята рашэнне звярнуцца да юрыстаў, зацікаўленых бакоў і на наступным тыдні выпрацаваць парады для людзей, якія не заняты ў эканоміцы. І наогул трэба вырашыць, што рабіць з гэтым дэкрэтам далей. Бо і ў новым дакуменце вельмі шмат супярэчнасцей. Я разумею жаданне дзяржавы, каб народ працаваў за 250-300 рублёў. Але, калі вы хочаце, каб не было “дармаедаў”, то прапануйце прыстойны заробак. Паглядзіце, якія выдаткі ідуць на войска, на сілавікоў, но розныя непатрэбны мерапрыемствы. Зэканомце на гэтым і дайце людзям магчымасць зарабляць.

РР: На ваш погляд, ці эфектыўна будзе працаваць дэкрэт?

Генадзь Фядыніч: Не думаю. Можа атрымацца, як і ў мінулы раз, калі большасць людзей адмовілася нешта выплочваць. Зараз стварылі розныя камісіі, якія займаюцца працаўладкаваннем беспрацоўных, але няхай зададуцца пытаннем: чаму туды так мала ідзе людзей? Для мяне тут адказ відавочны.

Кастусь Заблоцкі, Беларусксае Радыё Рацыя