Генадзь Фядыніч: Не ўсе дажываюць да пенсіі



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч крытычна ставіцца да падвышэння пенсійнага ўзросту.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч заявіла, што падвышэнне пенсійнага ўзросту дазваляе расці пенсіі.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2020 года ў Беларусі на паўгода вырасце пенсійны ўзрост, а таксама мінімальны страхавы стаж, які патрэбны для атрымання працоўнай пенсіі. Пенсійны ўзрост для мужчын складзе 62 гады, для жанчын – 57 гадоў, а мінімальны страхавы стаж – 17,5 года.

Генадзь Фядыніч: Ад чыноўнікаў хацелася б не словы чуць, а бачыць справы з агучваннем канкрэтных лічбаў. Колькі сёння чалавек з тых, хто пасля падвышэння пенсійнага ўзросту пенсію пакуль не атрымалі? Колькі на гэтым дзяржава зэканоміла? На колькі паднялі пенсію?

Няхай скажуць і пра тое, а колькі дзяржава не атрымала з-за таго, што людзі з’ехалі з краіны жыць альбо працаваць? Дзе лічбы? А яны, на мой погляд, якраз і адлюстроўвалі б агульную сітуацыю, бо, калі б тыя, хто з’ехаў, працавалі ў Беларусі, то і пенсіі ў людзей былі б большыя.

РР: Падвышаючы пенсійны ўзрост, дзяржава эканоміць на здароўі людзей?

Генадзь Фядыніч: Так і ёсць. Пры гэтым трэба разумець, што сёння да пенсіі далёка не ўсе і дажываюць. І ім ужо тая пенсія не патрэбна.

РР: Перад прэзідэнцкімі выбарамі будуць падымаць пенсіі?

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, пенсіянеры – гэта ж галоўны электарат сённяшняй улады, тому адсоткаў на 10-15 могуць падняць пенсіі ў такі знамянальны год. Трэба ж людзей прывабіць да выбарчай кампаніі. Праўда, як мне падаецца, тыя, хто патрапіў у пенсійную пастку, уладзе гэта не даруюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя