Генадзь Фядыніч: Няхай бы працоўныя месцы стваралі з годнымі заробкамі



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч мяркуе, што дапрацаваны дэкрэт аб “дармаедах” яшчэ больш заблытае сітуацыю.

Нагадаем, што зараз праект дапрацаванага дэкрэта аб “дармаедах” перададзены для азнаямлення кіраўніку краіны. Адзін з тых, хто працаваў над гэтым праектам, дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Валерый Бельскі распавёў, што прапанавана адмовіцца ад падатка, а замест гэтага, напрыклад, з «дармаедаў» прапануецца браць поўную аплату за цепла- і газазабеспячэнне.

Генадзь Фядыніч: Дакладна не ведаю, што канкрэтна ў новым варыянце дэкрэта, але, думаю, такія рэчы наогул трэба выносіць на абмеркаванне грамадскасці. Вось, напрыклад, у сітуацыі з рамеснікамі шмат пытанняў. Сёння чалавек займаецца нейкім рамяством, выплочвае пэўны падатак. А хто будзе затым яму плаціць пенсію?

РР: А як вам прапанова замест падатка браць з «дармаедаў» поўную аплату за цепла- і газазабеспячэнне?

Генадзь Фядыніч: Здаецца, хочуць яшчэ для такіх людзей і платнае медыцынскае абслугоўванне зрабіць. Але ж ізноў праблема – сёння многія і так ледзь канцы з канцамі зводзяць, для многіх не так проста тую ж “камуналку” заплаціць. Заробкі ж не растуць так, як камунальныя паслугі. Таму я не ведаю, які разумнік гэтыя “праекты” прыдумвае. Але гэта будзе праблемай для грамадства. Няма празрыстасці. На мой погляд, сітуацыя з “дармаедамі” заблытаецца яшчэ больш.

РР: Чаму ўлады не хочуць наогул адмовіцца ад дакумента, які выклікае такія спрэчкі ў грамадстве?

Генадзь Фядыніч: У нас апошнім часам было прынята шмат сумніўных дакументаў, і іх адмянялі вельмі рэдка. І тыя, хто падсунуў беларускаму кіраўніку той варыянт дэкрэта, які ўжо быў, яны павінны адказваць за тое, што зрабілі. Гэта ж не Лукашэнка яго распрацоўваў, ён толькі падпісаў. І калі распрацоўшчыкі, якія раней хвалілі дэкрэт, зараз скажуць, што ён быў усё-такі кепскі, то гэтыя людзі павінны сёння самі шукаць працу. Хаця на самой справе гэты дакумент цалкам павінен быць скасавны. Няхай бы лепш думалі, як ствараць новыя працоўныя месцы з годнымі заробкамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя