Генадзь Фядыніч пакінуў пасаду старшыні прафсаюза РЭП



Генадзь Фядыніч пакінуў пасаду старшыні незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Рашэнне пра змену кіраўніцтва прынятае на пашыраным пасяджэнні савета прафсаюза 22 лістапада ў Менску, паведаміў Фядыніч.

„Выконваць абавязкі старшыні прафсаюза РЭП будзе Зінаіда Міхнюк, якая да гэтага займала пасаду першага намесніка старшыні. Я пераходжу на пасаду дарадцы-кансультанта прафсаюза”, — сказаў ён.

Кажа кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

– Прычына не ў маім здароўі і не ў даверы сяброў, прычына ў тым, што гарадскі суд пакінуў без змен прысуд Савецкага раённага суда горада Менска. У ім напісана, што я не магу займаць пасаду, якая звязана з адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю, ці арганізацыйнай дзейнасцю на пяць год.

Нагадаю, што Генадзя Фядыніча і бухгальтара РЭП Ігара Комліка абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Абодвух асудзілі на 4 гады „хатняй хіміі”. Што азначае такі рэжым?

– Мне цяжка сказаць таму, што мы яшчэ не атрымалі пастановы суда. Ён можа быць мяккі і вельмі жорсткі, калі ты ў выходны дзень павінен сядзець, як у турме ў хаце, і не мець магчымасці выйсці.

Генадзь Фядыніч узначальваў незалежны беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці цягам 27 гадоў. Цяпер яго абавязкі будзе выконваць намесніца Зінаіда Міхнюк, яна ж кіравала рэгіянальнай прафсаюзнай суполкай РЭП Берасцейскай вобласці. У сваю чаргу Фядыніч стаў дарадцам-кансультантам з шырокімі паўнамоцтвамі.

Ігар Комлік раней быў пераведзены з пасады бухгальтара на прадстаўніка прафсаюзу па Менску і Менскай вобласці. У красавіку 2020 году на чарговым зьездзе незалежнага прафсаюзу адбудуцца выбары новага старшыні.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя