Генадзь Фядыніч: Першамай плануем адзначыць мітынгам
Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў плануе адсвяткаваць Першамай мітынгам у Менску. Па словах старшыні Беларускага прафсаюзу працоўных рыдыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, адказ на заяўку Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Менгарвыканкам павінен даць не пазней 26 красавіка. Заяўнікі мерапрыемства прапанавалі для яго правядзення тры месцы.
– Гэта сквер Янкі Купалы, плошча каля Опернага тэатра і Кіеўскі сквер. Акцыя запланавана з 14 да 16 гадзіны, з удзелам да 2 тысяч чалавек. Якія могуць быць лозунгі? Шмат сёння сацыяльных праблем. Гэта датычыцца і дэкрэта №3, які перайшоў у дэкрэт №1, таму што гэта фікцыя працаўладкавання, нічога канкрэтнага. Гэта датычыцца дэкрэтаў №29 і №5, які ўлада хоча ўвесці ў Працоўны кодэкс.
Таксама падчас мітынгу будуць пастаўленыя пытанні аб рэальных заробках большасці працоўных, а не тых, якія агучвае ўлада, а таксама аб няспынным росце цэнаў. Цэны павінны адпаведаць заробкам, – падкрэсліў Генадзь Фядыніч.
„Гэтыя і іншыя пытанні мы абмяркуем на мітынгу, калі ён будзе дазволены ўладамі,” – сказаў прафсаюзны лідар.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя