Генадзь Фядыніч: Трэба больш інфармацыі пра каронавірус. І менш будзе чутак



Складваецца ўражанне, што ўлады не кажуць поўнай праўды пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі. Такое меркаванне выказаў лідар незалежнага прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч для Беларускага Радыё Рацыя.

RR: Днямі шэраг палітыкаў і грамадскіх дзеячаў падпісалі зварот аб народным каранціне. Сярод іх Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Андрэй Саннікаў. Ёсць і ваш подпіс. Што асноўнае ў гэтым дакуменце?

Генадзь Фядыніч: Кіраўніцтва Беларусі не хоча рабіць ніякіх канкрэтных крокаў, каб перадухіліць гэту пандэмію. Яна ж ідзе, і яна ўжо ёсць у Беларусі. Безумоўна, зараз людзей больш хвалюе, што яны не ведаюць дастатковай інфармацыі. А калі нешта чуюць, то гэта цяжка прыняць за праўду, хаця яна ідзе ад улады. У людзей шмат пытанняў да ўлады. Так скажыце ім канкрэтна – якія вы лякарні вызвалілі і падрыхтавалі для магчымай хвалі хворых, колькі там ужо зараз людзей? Колькі людзей жывых, колькі памерла ад пнеўманіі, ці ёсць такія? Чаму вы ад людзей хаваеце тое, што не павінна ўлада хаваць ад грамадства? І гэта выклікае ў грамадзянаў Беларусі больш пытанняў да ўлады, чым у грамадзянаў іншых краінаў і суседзяў нашых, дзе ўлады ўсю інфармацыю абнародуюць і разам хочуць паставіць шлагбаум гэтаму каронавірусу. Безумоўна, жорсткія меры – гэта страты для эканомікі. Але што можа быць даражэй за жыццё чалавека, якая эканоміка можа быць даражэй? Без людзей, калі іх не будзе, не зробіш ніякай эканомікі.

RR: А якія падставы ў Вас лічыць, што ўлады нешта хаваюць пра колькасць хворых ці пра памерлых, калі такія ёсць?

Генадзь Фядыніч: Таму што ёсць звесткі пра людзей, якія памерлі ад захворванняў на лёгкія. Звязана гэта з каронавірусам ці не звязана – дзяржава маўчыць. Ёсць жа такія выпадкі, у тым ліку і ў Менску. Можа гэта і не звязана. Дзяржава павінна ведаць. Але дае медыкам адпаведны загад – маўчаць. Калі гэта так, то навошта вы тады клятву Гіпакрата прымалі? Ці сёння падпіска аб нейкім не выдаванні, калі яна існуе, вышэй за клятву Гіпакрата? Тады я не разумею, можа трэба прафесію мяняць? Людзі павінны ведаць. Не той час зараз. Наадварот, калі будзе позна, то мы не зберажэм людзей. Дзяржава сёння, на мой погляд, не зрабіла дастатковых крокаў, такіх, як суседнія дзяржавы, каб перадухіліць гэтую заразу, як нават зрабіла гэта Расея, не гаворачы ўжо пра Літву, ці Польшчу, Італію, ці Іспанію. Безумоўна, зварот з заклікам да народнага каранціну павінен людзей папярэдзіць, што яны павінны зараз думаць пра сваіх блізкіх, пра сабе. Таму што сёння з боку дзяржавы мы, на жаль, не бачым гэтага клопату і канкрэтных захадаў, каб перадухіліць распаўсюд гэтай хваробы.

RR: Неабходна ўважліва сачыць, ці ёсць сярод знаёмых, калег, суседзяў, родных захварэўшыя. І гэта самы надзейны паказчык, знак, наколькі ахапіла Беларусь гэтая пандэмія. А ў Вас ёсць такія?

Генадзь Фядыніч: Пакуль няма. І дзякуй Богу, што пакуль такіх няма. Але ведаю, што ў нашага калегі, юрыста РЭПа Белякова захварэлі родныя ў Чавусах. І таксама гэта звязана з лёгкімі і плюс яшчэ вялікая тэмпература. Ці датычыцца гэта каронавірусу, ці гэта звычайная хвароба? Вось у чым справа – дайце больш інфармацыі і менш будзе слухаў. А зараз выглядае – улада баіцца, што будзе нейкі хаос у грамадстве. Гэтага не трэба баяцца. Ён сам узнікне стыхійна, калі не будзе ніякай інфармацыі. Вось гэта будзе страшней, чым сёння, калі ўлады баяцца інфармаваць грамадскасць. Таму што розныя звесткі ідуць па – за афіцыйнымі каналамі… Да і проста не можа такога быць, калі ва ўсіх краінах нешта адбываецца, а ў Беларусі ўсё скразняком праганяецца і амаль няма ніякіх вірусаў.

RR: Прафсаюз РЭП і іншыя незалежныя прафсаюзы – гэта дастаткова разгалінаваныя арганізацыі, якія маюць шмат сувязяў і кантактаў. Якая сітуацыя на беларускіх прадпрыемствах у сувязі з каронавірусам?

Генадзь Фядыніч: Мы ведае, што на шэрагу заводаў на прахадных увялі кантроль за тэмпературай людзей, якія ідуць на працу. Гэта добра, таму што лепш перадухіліць, калі хтосьці з тэмпературай, то не пусцяць на прадпрыемства. Інфармацыі, што дзесьці на нейкім прадпрыемстве захварэла шмат людзей, пакуль мы не маем. Ведаем толькі пра прэвентыўныя меры, якія прынятыя супраць распаўсюду каронавірусу.

RR: Вы падпісаліся пад зваротам аб народным каранціне, але ж офіс РЭПа працуе.

Генадзь Фядыніч: Мы дзяжурым тут па два чалавекі. Раней мы паведамлялі, што будзем працаваць дыстанцыйна, і зараз зваротаў стала менш. Але ж людзі ўсё роўна тэлефануюць на гарадскія тэлефоны, не толькі на мабільныя. Таму офіс пакуль працуе ў абмежаваным рэжыме. Мы пабачым, як будуць развівацца падзеі. Калі будзе менш тэлефонных званкоў на гарадскія тэлефоны, то звычайная праца будзе прыпынена і мы будзем працаваць дыстанцыйна.

Таму праз некаторы час офіс прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці можа быць зачынены на каранцін.

Беларускае Рады Рацыя