Генадзь Хоміч падаў пазоў супраць блогера і журналісткі



Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч падаў пазоў супраць журналісткі, галоўнага рэдактара сайта «Беларускі партызан» Святланы Калінкінай і блогера Сцяпана Пуцілы – аўтара тэлеграм-канала Nexta.

Падставай для пазову стаў запіс Пуцілы, у якім ён абвінаваціў Хоміча і яго жонку ў кіраванні аўтамабілем у нецвярозым стане. «Беларускі партызан» гэта паведамленне перадрукаваў.

«Так, мы атрымалі пазоў – не за наш матэрыял, а за матэрыял блогера Nexta. Пакуль суд нам прапанаваў дамовіцца мірна, будзем спрабаваць, калі не, то пойдзем у суд», – паведаміла БелаПАН Калінкіна.

Пакуль з прадстаўнікамі пазоўніка яна не звязвалася.

«Тут дзіўная падача, трэба ўдакладняць, наколькі гэта правамерна, таму што за адзін і той жа матэрыял кожны атрымаў асобны пазоў, хоць усе як мінімум павінны быць суадказчыкамі», – сказала Калінкіна.

Пуціла паведаміў БелаПАН, што гатовы судзіцца, але не ў «лукашэнкаўскім судзе». Ён заявіў, што не мае намеру накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у суд.

Таксама блогер апублікаваў фота пазоўнай заявы. Паводле версіі пазоўніка, інфармацыя, апублікаваная блогерам, не пацвердзілася. Сума пазоўных патрабаванняў складае 50 тыс. рублёў, якія Хоміч плануе перадаць на рамонт Слонімскай цэнтральнай раённай лякарні. Пазоў пададзены ў суд Менскага раёна. Пасяджэнне прызначана на 18 кастрычніка.

БелаПАН