Генадзь Коршунаў: Сітуацыя ў Беларусі не спрыяе развіццю навуковай дзейнасці
Навукоўцы у Беларусі зведваюць не толькі фінансавыя і ідэалагічныя цяжкасці, але і знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай страты працы ў Беларусі.

Падчас анлайн-дыскусіі пра навуку «Дыялог пра будучыню» кадравыя рызыкі ацаніў экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, старэйшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў:
– Сітуацыя вельмі дваякая. Можа пралягаць па вось гэтаму галіноваму і дысцыплінарнаму падзелу навукоўцаў, якія былі рэпрэсаваныя. Адна справа гуманітарыі, іх рэпрэсіі закранулі больш. Большыя страты пацярпеў Інстытут гісторыі. Больш шчыльна, шырока і адкрыта сталі на абарону нацыянальных сімвалаў, нацыянальнай гісторыі. І па іншых інстытутах Акадэміі навук звальненні пракаціліся, яны працягваюцца, і, відавочна, што яны будуць працягвацца. Іншае пытанне – з якім тэмпам гэта будзе ісці, з якой хуткасцю.

Штучную прывязку беларускай навукі да Расеі адзначыў доктар палітычных навук, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў „Палітычныя сфера” Андрэй Казакевіч:
– Парадаксальна, але супрацоўніцтва нашай Акадэміі навук накіраванае перш за ўсё на постсавецкую прастору, найперш на Расею. Па колькасці праектаў, канферэнцый, навінаў – да 60% атрымліваецца ўсё адно Расея. Гэта ўлічваючы тое, што бюджэты навуковых даследаванняў літаральна праз мяжу, усяго Еўрапейскага звязу, складаюць сотні мільёнаў еўра. Вялікія рэсурсы. Але ўсё адно беларуская навука быццам замыкаецца ў гэтым коле.
Паводле спікераў, беларуская сістэма навукі мае патрэбу ў рэфармаванні поўнай прывязкі да дзяржаўнага фінансавання і ўключэнні беларускіх навукоўцаў у паўнавартасную супрацу з міжнароднай супольнасцю.


Беларускае Радыё Рацыя
