Генадзь Семянчук: Пануе шэрасць, хамства і абыякавасць
Пяць гадоў таму з Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы былі звольненыя дзевяць беларускамоўных гісторыкаў. Сярод іх апынуўся і прафесар Генадзь Семянчук, вядомы беларускі гісторык-медыевіст і археолаг, які зараз працуе ў Варшаўскім універсітэце.
З „Госцем Рацыі” пагутарыла Ганна Комінч:
– Мяне пазбавілі магчымасці выкладаць у Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, прычыны зразумелыя, таму не трэба чарговы раз паўтарацца. Нацыянальныя погляды, нацыянальная душа, беларуская мова ў сённяшніх універсітэтах на тэрыторыі Беларусі не запатрабаваныя.
РР: Я думаю, што гэта праблема многіх беларускіх навукоўцаў.
– Я б не называў гэта праблемай, я б хутчэй назваў гэта адным з фактараў ды элементаў барацьбы. Тыя, хто не паддаюцца, яны надалей застаюцца беларускімі гісторыкамі і гуманістамі. Сапраўды зараз вельмі кідаецца ў вочы, што ўнутраная і знешняя свабода чалавека накладаецца на яго тэксты. Калі мы возьмем тое, што дзяржава прафінансавала, а акадэмічны Інстытут гісторыі беларускай Акадэміі навук выдаў шматтомнік „Историю белорусской государственности” на расейскай мове. Адразу бачна, што гэта фікцыя, імітацыя навукі, проста сорамна за тых людзей, аўтараў, якія там надрукаваліся. Пры гэтым частка з іх спрабуе апраўдвацца: „Мой тэкст акадэмічны, не мае ніякіх уплываў”. Прабачце, але ў калектыўных манаграфіях нясуць адказнасць усе. Калі ты не паўплываў у працэсе напісання гэтай кніжкі на рэдактара, на чалавека, які канцэптуальна гэта ствараў, значыцца ты прыняў іх правілы гульні. Слова праблема я б не ўжываў, бо гэта падкрэсленне слабасці, а я лічу, што наадварот. У гэтай сітуацыі мы толькі набралі сілы. Гэта праблема як раз таго асяроддзя, якое засталося ва ўніверсітэтах, у Акадэміі навук, якое не хоча з намі камунікаваць і лічыць нас псеўданавукоўцамі. Тэксты пакажуць за кім будучыня.
РР: Пры Варшаўскім універсітэце ёсць „Цэнтр Беларускіх Студыяў”.
– „Цэнтр Беларускіх Студыяў” узнік няпоўных пяць гадоў таму з праграмамі імя Кастуся Каліноўскага I і імя Кастуся Каліноўскага II. Трэба падзякаваць выбітнаму чалавеку, дырэктару Яну Маліцкаму, якому хапае і духоўных і фізічных сілаў гэта ўсё арганізоўваць, кантраляваць, развіваць ды інш. Бяда сённяшніх беларускіх ВНУ ў тым, што людзі, якія там працуюць, не ўсведамляюць, што такое ўніверсітэт. Яны не вучаць маладых людзей, не навучаюць, не развіваюць, а толькі кантралююць. Бяда ў палітыцы, а менавіта ў актыўным умешванні Адміністрацыі прэзідэнта ў жыццё ўніверсітэтаў. Калі сярод гэтай палітыкі раптам з’яўляецца талент, то тады яны з захапленнем адкрываюць, што ў бібліятэках Беластока, Варшавы, Кракава і Гданьска ёсць тыя кнігі пра якія ім прафесары не казалі.
У Беларусі свядома знішчана для гуманітарнай адукацыі, напрыклад, навучанне лацінскай і грэцкай мовы. У такім важным пункце, як Гарадзенскі ўніверсітэт Янкі Купалы, для гісторыкаў не існуе навучання польскай мовы. Пры тым, што крыніцы ад 16-га стагоддзя і да сярэдзіны 19-га стагоддзя запісаны на польскай мове. Пры гэтым мае былыя калегі цяпер усе плачуцца, як ім цяжка жывецца і працуецца, а мне заўсёды было радасна і весела. Гэта іхная цяжкасць, нежаданне і нелюбоў таксама перадаецца. Што атрымоўвае малады чалавек? Цудоўную школу абыякавасці. Гэта не ўніверсітэт розуму, гэта ўніверсітэт прыстасавання. На жаль у гэтай сітуацыі найбольш разумныя і актыўныя пачынаюць думаць, як бы збегчы. Чытанне разумных кніжак, даступнасць інфармацыі і кантакты з мудрымі людзьмі становяцца важнейшымі за любоў да няшчаснай Радзімы, дзе пануе шэрасць, хамства і абыякавасць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя