Гендырэктар „Кінавідэапракату” знойдзены мёртвым
Дэпутат Менгарсавета, гендырэктар УП „Кінавідэапракат” Менгарвыканкама Юрый Чачукевіч знойдзены мёртвым.
„Упраўленнем следчага камітэта па Менску праводзіцца праверка па факце смерці мужчыны, цела якога сёння раніцай было знойдзенае ў двары дома на праспекце Дзяржынскага з прыкметамі падзення з вышыні, — паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. — Зараз працягваецца агляд месца здарэння сумесна з супрацоўнікамі ГУУС і ўпраўлення ГКСЭ па Менску. Асоба загінулага ўстаноўленая, ім з’яўляецца Юрый Чачукевіч”.
У Менгарсавеце Чачукевіч узначальваў пастаянную камісію па маладзёжнай палітыцы і сувязях з грамадскімі арганізацыямі.
Гендырэктарам УП „Кінавідэапракат” Чачукевіч быў прызначаны ў снежні 2016 года. Да гэтага ён займаў пасаду першага сакратара Менскага гарадскога камітэта ГА „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Загінуламу было 35 гадоў.
БелаПАН