Гендырэктарцы БелТА прапанавалі не даводзіць „справу БелТА” да суда



Барыс Гарэцкі сустрэўся з Ірынай Акуловіч, каб данесці пазіцыю, што канфрантацыя ў журналісцкай супольнасці не патрэбная нікому з бакоў. ГА „БАЖ” шмат год спрабавала наладзіць дыялог паміж журналістамі дзяржаўных і недзяржаўных медыя, а „справа БелТА” супраць незалежных журналістаў у адзін момант гэта перакрэсліла.

Да таго ж „справа БелТА” нанесла вялікія іміджавыя страты акурат інфармагенцтву БелТА і ўладам, а не недзяржаўным медыя, мяркуюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гарэцкі нагадаў, што ў межах Крымінальнага кодэкса ў БелТА ёсць магчымасці прымірэння бакоў. У такім выпадку крымінальная справа можа не дайсці да суду. Намеснік старшыні ГА „БАЖ” лічыць, што гэта адзін з магчымых добрых крокаў для вырашэння канфлікту. І цяпер многае залежыць менавіта ад дзяржаўнага інфармагенцтва.

Ірына Акуловіч у сваю чаргу заявіла, што разумее сітуацыю. Аднак не будзе рабіць нейкіх крокаў, пакуль не завершыцца следства.

Таксама Акуловіч заявіла, што не лічыць гэтую справу палітычна матываванай, на яе думку, гэта — справа аб паролях і незаконным доступе. І яна, як кіраўнік БелТА, абараняе сваіх падпісчыкаў.

— Ірыне Акуловіч наша пазіцыя зразумелая. Але яшчэ больш важна, каб чытачы недзяржаўных медыя зразумелі адну простую рэчы. Пакуль мы — грамадства — не станем на абарону медыя, дзяржава зможа рабіць з імі ўсё, што пажадае. Пакуль мы лічым, што свабодныя медыя самі павінны прабіваць сабе дарогу, а мы — толькі спажыўцы, нічога змяняцца не будзе. Калі ж мы падтрымаем журналістаў, якіх чытаем, падтрымаем рэдакцыі, станем на іх абарону, сітуацыя пачне змяняцца, — лічыць Барыс Гарэцкі і заклікае ўсіх далучацца да акцыі “Станем за журналістаў!”.

7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.

Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала: Ганна Калтыгіна,Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.

Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Следчы камітэт падазрае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: “справа БелТА” — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.

baj.by

© Photo: ТРК „Магілёў”