Генерал-маёр Ігар Голуб прызначаны камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі Беларусі
Генерал-маёр Ігар Голуб указам прэзідэнта Беларусі № 315 ад 31 жніўня вызвалены ад пасады намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл і прызначаны камандуючым ВПС і войскамі СПА. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Указам № 316 прэзідэнт вызваліў генерал-маёра Андрэя Гурцэвіча ад пасады начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл — намесніка начальніка Ваеннай акадэміі і прызначыў яго намеснікам камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны.
Ігар Голуб быў прызначаны на пасаду нампесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА 2 красавіка 2013 года. Да гэтага быў намеснікам камандуючага — начальнікам авіяцыі (прызначаны 16 жніўня 2010 года, з’яўляючыся яшчэ слухачом факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі). Яшчэ раней камандаваў 206-й штурмавой авіяцыйнай базай у Лідзе (Гродзенская вобласць). На пасадзе камандуючага Голуб змяніў генерал-маёра Алега Двігалева, прызначанага прэзідэнтам 18 ліпеня старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.
У апошнія дні Ігар Голуб знаходзіўся на расейскім палігоне Ашулук, кіруючы тактычнымі вучэннямі з баявой стральбой беларускіх разлікаў зенітных ракетных войск. БелаПАН