Генеральная пракуратура санкцыянавала эксгумацыю Коржыча



Паводле звестак БелаПАН, Генеральная пракуратура Беларусі санкцыянавала эксгумацыю Аляксандра Коржыча, ураджэнца Пінска, які загінуў восенню мінулага года ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл.

Як паведаміла „Радыё Свабода” маці загінулага, яна дамагалася эксгумацыі, бо не згодная з версіяй следства аб давядзенні сына да самагубства. Следчае дзеянне ўжо праведзенае.

Як перадаваў БелаПАН у пачатку мая, крымінальная справа аб давядзенні да самагубства ў Печах 21-гадовага радавога Коржыча, што расследавалася ў цэнтральным апараце СК, не паступіла ў Генеральную пракуратуру, бо праводзіцца яшчэ адно следчае дзеянне. Якое — у той час не называлі. Было вядомае толькі, што азнаямленне абвінавачаных і пацярпелай з матэрыяламі справы будзе адбывацца ў два этапы.

Пра завяршэнне расследавання справы аб гібелі маладога чалавека Следчы камітэт абвясціў 19 красавіка.

У давядзенні да самагубства радавога 3-й вучэбнай танкавай роты 3-й школы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл радавога Аляксандра Коржыча абвінавачваюцца тры сяржанты з яго часці. Ім інкрымінуюць здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады). Гэты склад адносіцца менавіта да воінскіх злачынстваў. Справа распачатая на падставе ч. 3 арт. 455 КК, а не арт. 145 КК (давядзенне да самагубства), бо было здзейсненае службовае злачынства, якое пацягнула цяжкія наступствы.

Радавога Коржыча 3 кастрычніка мінулага года знайшлі павешаным у падвале медыцынскай роты.