Генеральны пракурор Беларусі павінен падлічыць шкоду, нанесеную Расеяй Беларусі



Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед агучыў шкоду, якую Германія нанесла Беларусі за час Другой сусветнай вайны. Гэта сума ў 500 млрд даляраў у сучасных цэнах. А цяпер генеральнаму пракурору неабходна падлічыць, якую шкоду Расея нанесла Беларусі, напрыклад, за ХVIII – пачатак ХХ стагоддзяў. І выставіць ім рахунак. Гэта будуць не мільярды даляраў, а трыльёны…     

Сёе-тое хочацца нагадаць генеральнаму пракурору пра некаторыя факты шкоды, нанесеныя Расеяй Беларусі.

ХVIII-ХIX стагоддзі. Па загаду Пятра I былі спалены горад Магілёў, гарадскія пасады Оршы, Мсціслаўля, Быхава, Віцебскі Узгорскі і Ніжні замкі, разбураны Полацк, зруйнаваны Сафійскі сабор, забіты ўніяцкія святары. Адбылася карная экспедыцыя расейскага войска на Гомельшчыну. Разбурана Ветка. У Сібір сасланы 13 тысяч раскольнікаў. А потым яшчэ 20 тысяч старавераў. У мястэчку Сталовічы палкамі Суворава былі знішчаны 3 тысячы канфедэратаў…

У 1772 годзе расейскімі войскамі быў разрабаваны Нясвіжскі замак. Вырабы з золата, серабра, каштоўных камянёў, бібліятэка ў 20 тысяч тамоў адпраўлены ў Пецярбург. У тым ліку 11 інкунабулаў, якія перадалі Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы. Зніклі Літоўскія метрыкі, напісаны на беларускай мове, якія да сённяшніх дзён застаюцца ў Расеі. Па загаду Кацярыны II з Беларусі з манастырскіх і царкоўных бібліятэк забралі летапісы.  Разам з імі зніклі рукапісныя хронікі Стрыйкоўскага, Бельскага, Кромэра, Нарушэвіча. У рэкруты забіралі тысячы беларусаў, а ўсяго з 1772 года ў рэкрутах апынуліся каля 110 тысяч беларускіх юнакоў. Пад прыгнёт расейскіх генералаў трапілі каля 1 мільёна чалавек, Румянцаву разам з Гомелем дасталося 69 тысяч, а Сувораву разам з Кобрынам – 53 тысячы сялянскіх душ…

У 1812 годзе расейскія войскі зноў рабавалі скарбы Нясвіжа. Зніклі зборы гадзіннікаў, музычных інструментаў, вопратка, творы мастацтва, а таксама залатыя і срэбныя вырабы, каштоўныя камяні, фамільныя рэліквіі. У Вільні царская адміністрацыя разграміла студэнцкае Таварыства філаматаў. Было арыштавана 135 чалавек. Сярод якіх былі Міцкевіч, Зан, Чачот, Кавалеўскі, Дамейка. Разрабавалі і вывезлі ў Расею архіў і бібліятэку Сапегаў з Дзярэчына…

Пачаўся гвалтоўны перавод беларусаў-уніятаў у праваслаўе.1100 сем’яў аднадворцаў гвалтам перасялілі з Беларусі на Каўказ. За ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 128 паўстанцаў былі пакараны смерцю. У баях загінулі больш за 6 тысяч паўстанцаў, на катаргу саслалі больш за 1 тысячу, выслалі ў Сібір – 15 тысяч чалавек. Была разгромлена рэвізія Віленскага музея старажытнасцяў, заснавана пачынальнікам беларускай археалогіі Яўстафіям Тышкевічам. Па загаду Мураўёва-вешальніка ў Маскву вывезлі 3818 археалагічных помнікаў, каля 4 тысяч партрэтаў, гравюр, бюстаў, 487 пячатак, больш за 2 тысячы аўтографаў і прывілеяў, 540 рукапісаў, 11 тысяч пудзілаў птушак, 8110 нумізматычных помнікаў, каля 20 тысяч кніг і г.д.

Пачатак ХХ стагоддзя. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны рускія казакі выганялі беларусаў у глыб Расеі. Царскі ўрад нахабным чынам праводзіў абязлюддзе беларускай тэрыторыі, якую маглі заняць немцы. Хаця ніхто з беларусаў у Расею ехаць не хацеў. Найбольш апусцелі Гарадзенскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Кобрынскі, Ашмянскі, Слонімскі, Лідскі, Наваградскі паветы. Агулам бежанцамі сталі 2 мільёны 300 тысяч беларусаў. На Бацькаўшчыну толькі вярнуліся каля 700 тысяч чалавек. Бежанства пад прымусам расейскіх салдат – адна з самых вялікіх трагедый беларускага народа ХХ стагоддзя. Гэта трагедыя ў беларускай гісторыі яшчэ зусім не даследавана…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя