Генконсульства патлумачыла сітуацыю адносна віз на „Басовішча”



У Генеральным консульстве Рэспублікі Польшчы ў Берасці патлумачылі, чаму не выдалі „бясплатных віз” на фестываль „Басовішча 2015”, а таксама паведамілі на якіх умовах арганізатары мерапрыемства яшчэ паспеюць паспрыяць у іх выдачы.

Электронны ліст з прыкладна такім зместам дасланы ад імя першага дарадцы і кіраўніка візавага аддзелу консульства Славаміра Місяка карэспандэнту нашага радыё:

– Да нас звярнуўся хтосьці з арганізатараў, але не змог перадаць ніякіх акалічнасцяў, якія  мелі б першачарговую важнасць для падзеі, то бок колькасці людзей на такі фестываль, іх асабістых дадзеных або нават канкрэтнай даты правядзення фестывалю. Без гэтых дадзеных консул згодна польскай прававой сістэмы не мае падставаў для скасавання аплаты за візу або яе змяншэння. Акрамя таго як у чэрвені, так і ў ліпені месяцы на візавую рэгістрацыю з мэтай культура былі і ёсць даступныя вольныя месцы, таму няма прычын, каб прымяніць надзвычайныя меры. Паколькі ўдзельнікі, арганізатары не хочуць скарыстацца з рэгістрацыі на вольныя тэрміны, мы зараз можам выдаць візу толькі ў надзвычайным парадку, і толькі ў такой колькасці, якую дазваляюць магчымасці нашага консульскага аддзелу. Для гэтага мы просім арганізатараў або іншую ўстанову, якая збіраецца запрашаць на фестываль, даслаць нам ліст, у яікм змешчаны імя, прозвішча, дата нараджэння, нумар пашпарту, разам з просьбай пра скасаванне коштаў аплаты за візу і анатацыі пра тое, што арганізатар гарантуе, што запрошаныя асобы не будуць мець негатыўнага ўплыву на ўзровень бяспекі падчас фестывалю.

На просьбу больш дэтальна распавесці пра сітуацыю, у консульстве паведамілі, што далі вычарпальную інфармацыю і не маюць магчымасці камунікаваць адносна пытанняў фестывалю „Басовішча-2015” іншым шляхам, апроч як праз электронную пошту.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце