Генеральнага пракурора просяць назваць імёны ахвяр Курапатаў



Сябры ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” звярнуліся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка. Паводле аднаго з аўтараў звароту, грамадскага дзеяча і журналіста Марата Гаравога, аўтары дакумента просяць дакладна назваць прозвішчы тых ахвяраў, расстраляных у сталінскія часы ў Курапатах, якія ўжо вядомыя Генеральнай пракуратуры:

– У сувязі з тым, што мы рыхтуем дакументальна-мастацкую выставу “Курапаты”, мы звярнуліся да Генеральнага пракурора. Каб яны нам паведамілі даклана імёны і прозвішчы гэтых людзей. Пра такую інфармацыю марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў, якія былі сябрамі следчай групы пракуратуры БССР. Яны ўваходзілі туды як навуковыя дарадцы.

Палітычны і грамадскі дзяяч Вінцук Вячорка ўпэўнены, што ў нетрах архіваў спецслужбаў захоўваецца ўсе звесткі, якія цікавяць сяброў ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, але гэтая інфармацыя наўмысна ўтойваецца:

– Звязаная гэтая справа, я маю на ўвазе прыхоўванне імёнаў, з агульнай стратэгіяй усяляк прымяншаць маштабы злачынстваў камуністычнага рэжыму супраць беларускага народу. Паколькі цяперашняя ўлада будуе ідэалогію той дзяржавы, якой яна кіруе, на аснове савецкага сэнтыменту ды хваліць Сталіна, то нічога дзіўнага, што праўда пра сапраўдныя маштабы рэпрэсіяў па Беларусі руйнуе гэты міт цалкам.

Вінцук Вячорка дадае, што нельга будаваць незалежную Беларусь на памяці пра савецкую імперыю, якая “знішчыла будучыню беларускага народу не толькі духоўна, але і фізічна, як гэта рабілася ў Курапатах”.

Беларускае Радыё Рацыя