Генпракуратура: 100 чалавек асуджаныя за гвалт ці пагрозу гвалту да супрацоўнікаў міліцыі і іх блізкіх
Генеральная пракуратура перадала ў суд 109 крымінальных спраў, распачатых у дачыненні да 147 чалавек паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у дачыненні да 100 чалавек ужо ёсць рашэнні суда: 67 — прыгавораныя да пазбаўлення волі, яшчэ 33 — да абмежавання волі.
У якасці прыкладаў падобных злачынстваў Генпракуратура прывяла падзеі 9—10 жніўня 2020 года, калі трое жыхароў Жлобіна „падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў наносілі ўдары нагамі і рукамі па ахоўным абмундзіраванні і шчытах супрацоўнікаў АУС, а таксама кідалі ў іх камяні”.
Таксама ў пракуратуры распавялі, што ноччу 1 студзеня 2021 года нецвярозы жыхар Пухавіцкага раёна ўдарыў кулаком у твар праваахоўніка, „які спыняў адміністрацыйнае правапарушэнне”.
„Пракуратура нагадвае грамадзянам аб строгай адказнасці за гвалт да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў: яны з’яўляюцца прадстаўнікамі ўлады, знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы і закліканыя падтрымліваць правапарадак у грамадстве”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Згодна з арт. 364 Крымінальнага кодэкса гвалт альбо пагроза яго прымянення да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці караюцца арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў.