Генпракуратура адрапартавала пра першыя звароты ў „камісію па вяртанні”



Генеральная пракуратура Беларусі рапартуе, маўляў, ужо беларусы з-за мяжы звяртаюцца ў нядаўна створаную камісію, якая мае вырашаць ці можна вярнуцца.

Прадстаўніца пракуратуры Анжаліка Курчак паведаміла ў тэлеграм-канале ведамства, што звароты на электронную пошту нібыта пачалі прыходзіць практычна адразу. Падрабязней, праўда, яна расказала толькі пра адзін зварот, які камісію не задаволіў:

-Практычна з моманту адкрыцця на электронную пошту камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях зробленых імі правапарушэнняў, пачалі паступаць звароты. Першай напісала 35-гадовая мянчанка, якая з’ехала за мяжу ў кастрычніку 2020 года. Яна не паведаміла пра зробленыя ёю правапарушэнні ці злачынствы, а выказала асцярогу праз магчымае дачыненне да якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў.

Пракуратура просіць заяву дапоўніць звесткамі, тады яе разгледзіць камісія. Праўда, напісала заяву журналістка «Белсата» Вольга Ярохіна з прафесійнай цікавасці. Яна не стала раскайвацца, а толькі спытала ці не мае праблемаў з законам у Беларусі паводле крытэрыяў той камісіі.

-Як я ў лісце і напісала – і гэта абсалютная праўда – мне няма ў чым каяцца. Я не лічу, што мае дзеянні хоць неяк парушаюць заканадаўства Беларусі. Магчыма, маё меркаванне не супадае з пазіцыяй гэтай камісіі. Я накіравала са свайго мэйла запыт, мне хацелася даведацца пра тое, ці пачатая супраць мяне нейкая адміністрацыйная ці крымінальная справа. І так я зразумела, што гэта пра мяне. Адзінае, што яны памыліліся ў маім узросце, бо мне 37.

Нагадаем, 6-га лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб разглядзе зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у пытаннях учынення імі правапарушэнняў». Вырашаць гэтыя пытанні мае адмысловая камісія, у склад якой увайшлі ў тым ліку людзі, якія аказаліся сярод пацярпелых у выніку ўчыненых правапарушэнняў, гэту інфармацыю агучылі 7 лютага, а ўжо 8-га Генпракуратура паведаміла пра першыя звароты.

Беларускае Радыё Рацыя