Генпракуратура не хоча расследаваць злачынства, здзейсненае падчас выбараў
Тыдзень таму грамадскі актывіст са Слоніма Алесь Масюк накіраваў у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь скаргу на адмову пракуратуры Гарадзенскай вобласці ў рэагаванні на заявы пра злачынствы і фальсіфікатарства на выбарах.
21 ліпеня з Генеральнай пракуратуры РБ прыйшоў адказ. У адказе за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Марыны Паповай паведамляецца, “што у Генеральнай пракуратуры вывучана Ваша заява па пытанню магчымых парушэнняў заканадаўства аб выбарах на выбарчым участку № 10 г. Слоніма ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання.
Тлумачу, што ў адпаведнасці з палажэннямі арт. 49-1 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь звароты аб парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, рэферэндуме, адклiканнi дэпутата, члена Савета Рэспублікі падаюцца ў камісіі, дзяржаўныя органы і арганізацыі не пазней, чым у дзесяцідзённы тэрмiн з дня выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адклiканнi дэпутата, члена Савета Рэспублікі, калі іншыя тэрміны не ўстаноўлены гэтым Кодэксам.
Звароты, пададзеныя пасля заканчэння ўстаноўленых тэрмінаў, пакідаюцца без разгляду па сутнасці, аб чым паведамляецца заяўнікам.
З улікам заканчэння ўстаноўленых тэрмінаў абскарджання, у цяперашні час прававых падстаў для разгляду Вашай заявы па сутнасці няма”.
Незразумела, пра што напісала спадарыня Папова. Алесь Масюк не абскарджвае вынікі выбараў, а абскарджвае адказ, атрыманы з Гарадзенскай абласной пракуратуры на сваю заяву пра злачынства, здзейсненае грамадзянкай Юнга Т.В. падчас выбараў.
Сам Алесь Масюк пракаментаваў адказ Паповай так: “Альбо работнік генпракуратуры кепска ведае заканадаўства, альбо гэта робіцца наўмысна з мэтай ўтойванне злачынства. Гэта падобна ўжо на нейкую змову, бо слонімская міліцыя і пракуратура, абласная міліцыя і пракуратура і генеральная пракуратура не хочуць расследаваць мае заявы пра крымінальныя злачынства, зробленыя падчас выбараў”.
Нагадаем, што ў дзень выбараў кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк і яго давераныя асобы былі пазбаўлены магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Па распараджэнні старшыні камісіі Юнга Т.В. была ўстаноўлена агароджа, каб не дапусціць назіральнікаў да стала падліку. А калі завяршыўся падлік галасоў, былі вывешаны копіі выніковых пратаколаў з 13 подпісамі членаў участковай камісіі. Хаця ў дзень выбараў і пры падліку галасоў прысутнічалі толькі 12 членаў камісіі. Акрамя гэтага, у графе супраць усіх, была ўказана лічба – 21 чалавек. Пазней стала вядома, што старшынёй участковай выбарчай камісіі Юнга Т.В. была здзейснена наглая падробка – у раённую выбарчую камісію накіраваны пратакол з іншымі лічбавымі звесткамі і іншай колькасцю подпісаў членаў камісіі. У пераробленым пратаколе ў графе супраць усіх было ўказана 127 чалавек, а подпісаў членаў камісіі ўжо не 13, а стала 12, паведамлялася, што адзін з сяброў участковай камісіі „захварэў”, але калі ён паспеў захварэць так і не высветлена. У сувязі з гэтым, экс-кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк ужо некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру Слонімскага раёна і пракуратуру Гарадзенскай вобласці з заявамі пра здзяйсненні старшынёй участковай выбарчай камісіі Юнга Т.В. самых сапраўдных злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 191 і 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пракуратурамі Слонімскага раёна і Гарадзенскай вобласці заявы Алеся Масюка накіроўваліся ў Слонімскі раённы аддзел унутраных спраў і абласное ўпраўленне з указаннямі правесці праверку з прыняццем рашэння ў парадку артыкула 174 КПК Рэспублікі Беларусь. Але органы ўнутраных спраў указанні пракуратур не выконвалі, а перасылалі заявы пра фальсіфікацыі ў розныя выбарчыя камісіі. Выбарчыя камісіі, не маючы паўнамоцтваў на прыняцце рашэння па заявах па крымінальных злачынствах, давалі адпіскі, не абцяжарваючы сябе аспрэчваннем доказаў гвалту і падробкі дакументаў. Пасля некалькіх месяцаў перапісак, Алесь Масюк атрымаў з пракуратуры Гарадзенскай вобласці „выніковы” дакумент з якога бачна, што пракуратура адмаўляецца ад нагляду за законнасцю і рэагавання на заявы пра злачынствы на выбарах. Як лічыць Алесь Масюк, прыведзеныя ім факты пра здзяйсненні злачынстваў падчас выбараў, ніхто аспрэчыць не можа. Праваахоўныя органы выдатна разумеюць, што ў дадзеным выпадку адназначна трэба ўзбуджаць крымінальную справу, але чамусьці не ўзбуджаюць. Такім чынам, пракуратура і міліцыя фактычна да сённяшніх дзён пакрываюць беззаконне, адмаўляючыся праводзіць праверку здзейсненых злачынстваў падчас выбараў.
Марына Папова
Беларускае Радыё Рацыя