Генпракуратура патлумачыла „Беллегпраму” як шыць маскі



Патрабаванні да характарыстык медыцынскіх масак, што выпускаюцца прадпрыемствамі дзяржканцэрна „Беллегпрам”, актуалізаваныя, паведамляе Генеральная пракуратура Беларусі ў сваім акаўнце ў „Фэйсбуку”.

„Паводле загаду Генеральнай пракуратуры прадпрыемствы, якія ўваходзяць у сістэму канцэрна „Беллегпрам”, наладзілі выпуск масак, што забяспечваюць бактэрыялагічны бар’ер згодна з міжнародным стандартам для пастаўкі ў медыцынскія ўстановы і аптэкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што меры па захаванні жыцця і здароўя людзей прымаюцца ў каардынацыі са спецыялістамі міністэрстваў аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, мясцовымі органамі ўлады. Асаблівая ўвага нададзеная забеспячэнню медустаноў і аптэчнай сеткі сродкамі індывідуальнай засцярогі з належнымі якаснымі характарыстыкамі і ў запатрабаваным аб’ёме.

„У выніку мер, прынятых сумесна з Саўмінам і Міністэрствам аховы здароўя, маскі рэалізуюцца з улікам іх мэтавага прызначэння”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Генеральная пракуратура таксама ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

„На патрабаванне пракурораў зробленыя дадатковыя захады па самаізаляцыі і прымусовым медаглядзе пэўнай катэгорыі асоб, абароне сацыяльна ўразлівых грамадзян — недзеяздольных, інвалідаў і пажылых, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах, бальніцах сястрынскага догляду, хоспісах і інш.”, — адзначае Генпракуратура.

Як паведамлялася раней, у Астравецкім раёне (Гарадзнскай вобласць) пракурор санкцыянаваў прымусовы агляд на COVID-19 12 чалавек. Супрацоўнікі Астравецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўстанавілі грамадзян, якія адносіліся да кантактаў першага ўзроўню асоб з каранавіруснай інфекцыяй. Дванаццаць з іх ўхіліліся ад абавязковага медыцынскага агляду.

belapan.by