Генпракуратура прапанавала ўвесці новы від пакарання
Генпракуратура прапанавалі ўвесці ў адміністрацыйны кодэкс новы від адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў у выглядзе грамадскіх работ. Мяркуецца, што іх будуць выконваць бясплатна ў вольны ад працы або вучобы час.
Характар работ вызначаць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Тэрмін прыцягнення да грамадскіх работ, якімі могуць стаць добраўпарадкаванне тэрыторыі або ўборка пад’ездаў, — ад 8 да 60 гадзін, паведамляе REFORM.by.
Як адзначыў старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Уладзімір Крукоўскі, падобны від спагнання практыкуецца ва Украіне, Расеі, Азербайджане і іншых краінах. У Беларусі плануецца ўжываць яго за дробнае хуліганства, абразу, дробны крадзеж і іншыя парушэнні. Пры гэтым з увядзеннем грамадскіх работ выключаюцца папраўчыя.
«Цяпер іх прымяненне магчыма толькі пры вызваленні ад крымінальнага пакарання і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. На практыцы падобны варыянт ўжываецца вельмі рэдка. Як правіла, да яго прыцягваюць асоб, якія нідзе не працуюць. Галоўная ж умова такога спагнання — пералік дзяржаве часткі заробку чалавека. А вось для грамадскіх работ не мае значэння, ці працаўладкаваны грамадзянін» — растлумачыў пракурор.
Дадзеная мера дазволіць пакрыць прычыненую шкоду, аднавіць пашкоджаную маёмасць, знізіць колькасць нявыплачаных штрафаў і выкліча станоўчы грамадскі рэзананс, лічаць у Генпракуратуры.
Таксама будуць зніжаны памеры штрафаў больш чым па 200 артыкулах КаАП. Максімальны ж штраф у КаАП паменшыцца з 50 базавых велічынь да 30-ці.
«Адміністрацыйныя правапарушэнні апрыёры найбольш бяскрыўдныя і валодаюць меншай грамадскай небяспекай у параўнанні са злачынствамі. Цалкам відавочна, што памер адміністрацыйнага штрафу не павінен перавышаць агульны мінімальны памер крымінальнага» — лічаць у Генпракуратуры.
Шэраг змякчэнняў таксама закране адказнасць непаўналетніх. Так, максімальны памер штрафу знізяць для падлеткаў, якія маюць уласных даход, з 50 да 2 базавых велічынь. Калі ж даходу няма, да яго будуць ўжываць «выхаваўчае ўздзеянне». Таксама падлеткі будуць падлягаць адміністрацыйнай адказнасці толькі за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання, абразу, дробны крадзеж, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, жорсткае абыходжанне з жывёламі, дробнае хуліганства.
Памер максімальнага штрафу за кіраванне ў п’яным выглядзе павялічыцца ў новым КаАП са 100 да 200 базавых велічынь і гранічны тэрмін пазбаўлення спецыяльнага права: не 3, а 5 гадоў. Новы кодэкс прадугледжвае і адказнасць за парушэнні спакою жыхароў у начны час.
Мяркуецца, што з 1 студзеня новыя КаАП і ПВКаАП набудуць моц.