Генпракуратура: У суды накіравана 667 крымінальных спраў па масавых беспарадках



Пракуроры накіравалі ў суды 667 крымінальных спраў у дачыненні да 944 асоб па фактах іх удзелу ў масавых беспарадках, здзяйснення дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, па фактах гвалту і пагроз яго прымянення да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьвання надпісамі чужой маёмасці, хуліганства, здзеку з дзяржаўнай сімволікі.

Паведамляецца, што 682 асобы ўжо асуджаныя.

Паводле інфармацыі, апублікаванай на сайце Генпракуратуры, працягваецца выяўленне падазраваных і раскрыццё злачынстваў супраць грамадскай бяспекі і правапарадку, якія мелі месца пачынаючы са жніўня 2020 года. У тым ліку дзякуючы выкарыстанню штучнага інтэлекту асобы падазраваных устанаўліваюцца незалежна ад таго, дзейнічалі яны ў кіберпрасторы або ў рэальных абставінах.

Пракурорскія работнікі праводзяць штодзённы маніторынг інтэрнэту для выяўлення прыкмет правапарушэнняў, дэструктыўнай і недакладнай інфармацыі, абраз і пагроз на адрас вышэйшых службовых асоб краіны, праваахоўнікаў і прадстаўнікоў іншых дзяржорганаў, гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

novychas.by