Генпракуратура ўзяла на кантроль праверку па скарзе Дзмітрыя Серады
Менскі лекар-педыятр Дзмітрый Серада атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры на скаргу на яго жорсткае збіццё падчас затрымання супрацоўнікамі АМАПа. Абскарджваннем незаконных дзеянняў міліцыі ён займаецца ўжо больш за год.
Гэтым разам Генеральная пракуратура даручыла пракуратуры горада Менска вывучыць матэрыялы папярэдняй праверкі, якая ў сваю чаргу ўстанавіла, што праверка праведзеная няпоўна, без высвятлення істотных абставінаў, якія ўплываюць на прыняцце законнага і абгрунтаванага рашэння.
Пракуратура горада Менска пастанавіла: рашэнне следчага па АУС следчага ўпраўлення УСК Рэспублікі Беларусь па г. Менску Супічэнка А. ад 17.07.2017 г аб адмове ў пачатку крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС адмяніць, а матэрыялы для правядзення дадатковай праверкі накіраваць у следчае падраздзяленне.
«Ход правядзення праверкі знаходзіцца на кантролі ў кіраванні Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь», –адзначаецца ў лісце да Дзмітрыя Серады за подпісам пракурора В.А. Пільніка.
Сам жа Дзмітрый Серада падкрэслівае, што да гэтага Следчы камітэт па горадзе Менску ўжо пяць разоў адмаўляў яму ў пачатку крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі яго грубае затрыманне, прычыніўшы сваімі дзеяннямі фізічную і маральную шкоду яму і яго сям’і.
Паводле spring96.org