Генпракуратура вынесла папярэджанне галоўнаму рэдактару «Новага Часу»
Генпракуратура аб’явіла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства рэдактару газеты «Новы Час». Тлумачым, што гэта значыць.
— Гэта папярэджанне галоўнаму рэдактару, іх можна выносіць фактычна па любым артыкуле, бо цяпер такі час, — тлумачыць галоўны рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб. — Але за тыя артыкулы, за якія нам выносяць папярэджанні, нам павінны, наадварот, аб’яўляць падзяку, бо мы папярэджваем аб магчымых наступствах ад тых дзеянняў улады і тых нормаў заканадаўства, якія цяпер прымаюцца.
Галоўны рэдактар звяртае ўвагу, што гэтае папярэджанне не раўназначнае папярэджанню Міністэрства інфармацыі, таму гаворкі пра закрыццё «Новага Часу» не ідзе. Гэта магчыма, толькі калі рэдакцыі будзе вынесена паўторнае папярэджанне.
— Тым не менш, гэта чарговы крок па знішчэнні незалежнай журналістыкі. Але я ўпэўнена, што хутка мы будзем асвятляць зусім іншыя судовыя пасяджэнні, — перакананая Аксана Колб.