Генпракурор адмовіўся сустракацца з актывісткамі ініцыятывы „Пікет-328”
Генеральны пракурор Аляксандр Канюк адмовіўся сустракацца з групай маці з ініцыятывы „Пікет-328”, якія хацелі абмеркаваць з ім пытанне перагляду спраў сваіх дзяцей, асуджаных па антынаркатычным арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Адпаведны адказ гэтага ведамства на калектыўны зварот актывісткі ініцыятывы атрымалі 5 верасня.
Удзельніцы ініцыятывы „Пікет-328” правялі 5 верасня ў Менску трэці за апошнія некалькі месяцаў пікет. Яны дамагаюцца ад органаў следства і суда справядлівай кваліфікацыі правінаў сваіх дзяцей. Маці не адмаўляюць, што іх дзеці вінаватыя, але не згодны з тым, што ў іх дзеяннях былі абставіны, якія дазваляюць судам прыгаварыць іх па больш суровых частках арт. 328.
Актывісткі ініцыятывы паведамілі БелаПАН, што зварот на імя Канюка быў накіраваны ў Генпракуратуру ў другой палове жніўня. У ім яны выказалі нязгоду з тым, што гэта ведамства цяпер патрабуе з судоў для вывучэння крымінальныя справы толькі тых асуджаных па арт. 328, якія яшчэ не падавалі наглядныя скаргі ў гарадскія пракуратуры і Генпракуратуру. Актывісткі лічаць, што справы тых, хто раней ужо скардзіўся ў органы пракуратуры, падлягаюць паўторнаму вывучэнню, паколькі ў першы раз іх разглядалі некалькі гадоў таму, калі, на іх думку, палітыка стаўлення да асуджаных па антынаркатычным артыкуле была больш жорсткай, чым дэкларуецца цяпер.
У адказе намесніка генпракурора Аляксандра Лашына, датаваным 2 верасня, гаворыцца, што сцвярджэнні аўтараў калектыўнага звароту „аб неналежным і фармальным разглядзе крымінальных спраў і наглядных скаргаў у дачыненні да асуджаных па арт. 328 КК аб’ектыўнымі дадзенымі не пацверджаны”.
„Канкрэтных звестак аб фальсіфікацыі доказаў, прадузятым і неаб’ектыўным вядзенні папярэдняга расследавання і судовага разбору вамі ў звароце не прыведзена. У сувязі з выкладзеным падстаў для вашага асабістага прыёму генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь няма, пра што паведамляецца па яго даручэнні”, — напісаў Лашын.
Намеснік генпракурора таксама растлумачыў у лісце, што аўтары звароту „не маюць права настойваць на вывучэнні Генеральнай пракуратурай крымінальных спраў” па іх меркаванні, паколькі „пракурор пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў незалежны” і якое-небудзь умяшанне ў яго дзейнасць „недапушчальнае”.
Фота sputnik.by