Генпракурор хоча спагнаць 10 тысяч рублёў з жанчыны за паклёп



У Менскім раённым судзе  пачалі разгляд крымінальнай справы 47-гадовай жыхаркі Бараўлянаў Наталлі Красько. Яе вінавацяць у паклёпе на генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

З матэрыялаў справы вынікае, што Наталля Красько з выкарыстаннем мабільнага тэлефона ў публічным чаце «Кулуары KYKY» пад допісам аб узмацненні адказнасці за экстрэмізм  напісала, што генеральны пракурор Швед злачынец. Тым самым яна, на думку следства, распаўсюдзіла несапраўдныя звесткі. Неўзабаве жанчыну затрымалі, у кватэры правялі ператрус, піша „Вясна”.

Наталля віну часткова прызнае, кажа, што фраза напісана асабіста ёй, але не прызнае, што гэта паклёп. Пацярпелы Андрэй Швед у суд не з’явіўся з прычыны «службовай занятасці», прасіў зачытаць свае паказанні і падтрымаў пазоў.

Швед ацэньвае памер «маральнай шкоды» ў 10 000 рублёў. Пракурор папрасіў суд прызначыць жанчыне 2 гады «хіміі».

Беларускае Радыё Рацыя