Генпракурор пацвердзіў затрыманне кіраўніка холдынгу „БелОМА”



Гендырэктар холдынгу „БелОМА” Вячаслаў Бурскі затрыманы і знаходзіцца пад вартай, паведаміў журналістам 6 лютага ў Менску генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Вячаслаў Бурскі

У чым падазраецца альбо абвінавачваецца затрыманы, генпракурор не патлумачыў. „Так, затрыманы. Але што такое — на чалавека ўзвесці абвінавачанне? Гэта ж сям’я, гэта дзеці, гэта сваякі. Не так усё проста. Я хачу дачакацца больш важкіх вынікаў. Я, як былы суддзя, ведаю, што бывае і апраўдальны прысуд. А потым што рабіць? Як потым глядзець у вочы гэтаму чалавеку? Таму трэба разабрацца толкам у сітуацыі”, — сказаў Канюк.

72-гадовы Вячаслаў Бурскі — доктар тэхналагічных навук, прафесар. Працуе ў „БелОМА” з 1970 года, прыйшоў туды простым інжынерам. Узначаліў прадпрыемства 27 гадоў таму. Бурскі мае два ордэны Айчыны — III і II ступені. На афіцыйным сайце холдынгу ён па-ранейшаму ўказаны як генеральны дырэктар ААТ „БелОМА”.

ААТ „Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне” („БелОМА”) — вядомы вытворца аптычнай, оптыка-механічнай і оптыка-электроннай апаратуры, створаны на базе аб’яднання прадпрыемстваў оптыка-механічнай прамысловасці СССР і Рэспублікі Беларусь. Заснавана ў 1971 годзе на базе Менскага механічнага завода імя Вавілава, пераўтворана ў холдынг у 2011-м.

Сёння ў склад холдынгу ўваходзяць:

– ААТ „ММЗ імя С.І.Вавілава— кіруючая кампанія холдынгу „БелОМА” (Менск), якое выпускае асабліва складаную оптыка-механічную і оптыка-электронную апаратуру (касмічныя, тапаграфічныя, спектразанальныя, фотаграмметрычныя сістэмы і комплексы, кінатэадалітная тэхніка, бранятанкавыя, гірастабілізаваныя аптычныя прыцэлы, прыборы лазернага навядзення; прамысловыя перасоўныя і стацыянарныя кінаўстаноўкі);

– ААТ „Зеніт — БелОМА” (Вілейка), вырабляе фотатэхніку, аптычныя прыцэлы для стралковай зброі, назіральныя прыборы, вагавымяральную тэхніку;

– ААТ „Рагачоўскі завод „Дыяпраектар”, выпускае дыяпраекцыйную тэхніку, розныя віды прыцэлаў і прыбораў навядзення для бранятэхнікі;

– ААТ „Жлобінскі завод „Свет”, вырабляе рэпрадукцыйную тэхніку, фотапавелічальнікі, аптычныя прыборы для патрэб МУС;

– НТЦ „ЛЭМТ” „БелОМА” (Менск), займаецца распрацоўкай і вырабам лазерных вырабаў і вырабаў для медыцыны.

belapan.by